Аляксандр Мілінкевіч прапанаваў адкрыць у ВНУ Беларусі Еўрапейскія цэнтры
З ініцыятывай адкрыцця ва ўсіх вышэйшых навучальных установах Беларусі Еўрапейскіх цэнтраў інфармацыі пра правы чалавека і еўрапейскую дэмакратыю выступіў сёння ў Страсбургу лідэр дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч.
На ягоную думку, у межах абранага курсу на дыялог, Рада Еўропы супольна з Еўразвязам павінны прапанаваць беларускаму ўраду адкрыць у ВНУ краіны падобныя цэнтры. Абмеркаванне ініцыятывы адбылося сёння на сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з генеральным сакратаром Рады Еўропы Тэры Дэвісам.
“Беларуская моладзь павінна мець магчымасць атрымліваць веды пра Еўропу і еўрапейцаў, правы чалавека і дэмакратыю непасрэдна з першакрыніц, а не праз прызму дзяржаўных тэлеканалаў і газет і часопісаў”, – адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Паводле прапанаванага праекту, рабочая назва якога “Дэмакратыя, адукацыя і Еўропа ў Беларусі”, прадугледжваецца адкрыццё ва ўсіх вышэйшых навучальных установах Беларусі еўрапейскіх цэнтраў інфармацыі пра правы чалавека і еўрапейскую дэмакратыю.
На думку Аляксандра Мілінкевіча, еўрапейскія цэнтры могуць быць створаныя па ўзоры Цэнтра еўрапейскай дакументацыі ды інфармацыі, які сёння дзейнічае пры БДУ, але з прынцыповай розніцай – цэнтры павінны паўстаць ва ўсіх ВНУ Беларусі і каардынаваць іх працу павінны прадстаўнікі Рады Еўропы ці Еўразвязу.
Сёння таксама адбудзецца сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з прэзідэнтам ПАРЕ Рэне ван дэр Ліндэнам.
Паводле www . milinkevich . org
|