Восем тысяч подпісаў у абарону касцёлу і кляштару
У абарону касцёлу і кляштару бернардынцаў сабрана ўжо больш за 8 тысяч подпісаў. А Мінкультуры адзначае, што да іх не паступалі праектныя прапановы аб рэканструкцыі будынкаў былога кляштара бернардзінцаў у Мінску.
Нагадаем, што сёлета стала вядома пра магчымую перабудову помніка архітэктуры XVII стагоддзя ў гасцінічны комплекс. Як паведаміў адзін з каардынатараў збору подпісаў Алесь Белы, подпісы збіраюцца цяпер не толькі ў Мінску, але і ў шэрагу іншых гарадоў краіны: Віцебску, Полацку, Наваполацку, Оршы, Брэсце, Маладзечна і іншых. Кампанія, якую ініцыявала мінская абшчына Святога Iосiфа, аб’яднала людзей рознага веравызнання, зазначыў Белы. Усе подпісы перадаюцца ў Адміністрацыю прэзідэнта.
А ўчора начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Васіль Абламскі заявіў, што ніякіх прапановаў па перабудове да іх не паступала. Ён абверг інфармацыю аб тым, што будынак плануецца прыстасаваць пад гасцінічны комплекс. Выдадзены дазвол на правядзенне навукова-праектных работ камунальнаму унітарнаму прадпрыемству “Мінскпраект” па будынках на вуліцы Кірылы і Мяфодзія, 6 і 8, але ніякіх праектных, эскізных матэрыялаў не паступала. Калі такія з'явяцца, яны будуць разгледжаны на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры ва ўстаноўленым парадку. Экспертамі будуць ацэнены ўсе ініцыятывы па аднаўленню і прыстасаванню аб'ектаў да сучасных умоў, сказаў спецыяліст.
Паводле Радыё “Рацыя” (www .racyja .com ),
www.interfax.by, “Нашай Нівы” (www .nn .by) i
БЕЛТА ( www. belta. by)
|