Аляксандру Мілінкевічу адмовілі ў тэлеэфіры
Першы тэлеканал адмовіў Аляксандру Мілінкевічу ў прамым эфіры 25 красавіка.
6 красавіка Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлекампаніі з просьбай прадставіць магчымасць у прамым эфіры абмеркаваць дзейнасць дзяржаўных органаў па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Таксама спадар Мілінкевіч прасіў даць магчымасць для ўдзелу ў праграме запрошаных ім прадстаўнікоў экспертаў і ліквідатараў.
Паводле Аляксандра Мілінкевіча, існуюць сур’ёзныя падставы сцвярджаць аб замоўчванні ўладамі праблемаў, з якімі сутыкаюцца ліквідатары, людзі, што жывуць на забруджаных тэрыторыях, усе грамадзяне Беларусі, якім у выніку палітыкі ўладаў даводзіцца спажываць прадукты харчавання з забруджаных тэрыторый.
Спадар Мілінкевіч заявіў пра тупіковасць сацыяльна-эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў, што не дазваляе эфектыўна вырашаць праблемы, а таксама атрымліваць у неабходным аб’ёме міжнародную дапамогу ў справе мінімізацыі наступстваў аварыі.
Старшыня тэлекампаніі ў сваім адказе выказаў сумнеў у кампетэнтнасці А.Мілінкевіча і незалежных экспертаў. Ён сказаў, што ў эфір выйдуць перадачы па чарнобыльскай тэматыцы, у якіх апавядаецца пра тое, што Беларусь адна змагаецца з наступствамі гэтай катастрофы.
Паводле Радыё “Свабода” (www .svaboda .org ) i ІА “Інтэрфакс”
|