Адстаўку рэдактара “Звязды” не прынялі

Галоўны рэдактар “Звязды” Уладзімір Наркевіч папрасіўся ў адстаўку месяц таму і сышоў у адпачынак. У сераду стала вядома, што калегія Міністэрства інфармацыі вырашыла “прыняць просьбу да ведама”, але не задаволіць.

Адстаўка Наркевіча выклікала непакой сярод супрацоўнікаў выдання. Ён трымаўся на сваёй пасадзе пры ўсіх рэжымах, ад 1988 году. Многія расцанілі ягоны крок як знак, што ціск на рэдакцыю з боку ідэалагічных органаў робіцца невыносным. Дагэтуль Наркевічу ўдавалася заставацца ўбаку ад прапагандысцкіх кампаній, абмяжоўваючыся друкам “абавязковых матэрыялаў” БЕЛТА, нацыянальнага сходу і мясцовых саветаў. Што праўда, яны часам займаюць палову газетнай плошчы.

Наркевічу ўдавалася захоўваць пазнавальнае аблічча газеты, нягледзячы на падзенне цікавасці чытачоў да традыцыйнай прэсы. Наклад газэты пры ім дасягнуў свайго піку на хвалі беларусізацыі ў 1994 годзе (207 000 экземпляраў). Ад таго часу ён нязменна зніжаўся, і на сёньня складае 37 000 асобнікаў — другі пасля “Настаўніцкай газеты” паказчык сярод беларускамоўных выданняў краіны. Аўдыторыя газеты пераважна вясковая і немаладая.

Свайго рашэння У.Наркевіч не каментуе, тлумачыць яго коратка — станам здароўя.

Паводле “Нашай нівы”

‹‹ на галоўную | у архіў