Аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху” звярнуўся да беларускага народу
Аргкамітэт па правядзенню акцыі “Чырнобыльскі шлях” звярнуўся да беларускага народу з нагоды 21-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Заяўка на правядзенне традыцыйнай акцыі “Чарнобыльскі шлях” была пададзеная ў Менскі гарадскі выканаўчы камітэт. Плануецца, што акцыя пачнецца 26 красавіка ў 18.00 на плошчы Якуба Коласа. Далей – шэсце па праспекце Незалежнасці (Скарыны) да Нацыянальнай бібліятэкі і там адбудзецца мітынг.
“Прайшоў ужо 21 год пасля трагічнай для Беларусі даты – 26 красавіка, – адзначаецца ў звароте. – Найбуйнейшая ў гісторыі тэхнагенная катастрофа нанесла непапраўныя страты нашай краіне. Прыкладна 2/3 радыеактыўных выкідаў аселі на нашай зямлі, забрудзіўшы прыкладна пятую частку тэрыторыі з 20% насельніцтва. Амаль усю Беларусь накрыла першая хваля кароткажыццёвых радыенуклідаў, частку якіх асаджалі на нашай тэрыторыі прымусова, каб не пайшлі на Маскву. Усё рабілася пад прыкрыццём злачыннай сакрэтнасці, і людзі не маглі абараніцца ад гэтага ўдару”.
Аўтары сведчаць, што праз намаганні дэмакратычных сілаў з канца 80-х гг. пачалі рабіцца захады дзеля зніжэння рызыкі для людзей і стварэння сістэмы рэабілітацыі: завоз прадуктаў з чыстых зонаў, грашовая кампенсацыя для закупу прадуктаў, адсяленне значнай часткі людзей i iнш. Аднак па меры заціскання дэмакратыі кіраўніцтва краіны памяняла стаўленне да нацыянальнай бяды.
“Асноўны развал усіх сыстэмаў абароны і рэабілітацыі людзей адбыўся пры цяперашнім кіраўніцтве дзяржавы, якому чарнобыльская праблема перашкаджае імітаваць працвітанне краіны, – адзначаецца ў звароце. – Сваімі ўказамі А.Лукашэнка адмяніў вялікую частку артыкулаў закону, пазбавіўшы бязвінна пацярпелых людзей усякай падтрымкі. Былі зліквідаваныя спецыялізаваныя медычныя ўстановы, уведзены дзяржаўна-бюракратычны, палітычна матываваны кантроль над гуманітарнай дапамогай, і яна спынілася. Спынілі дзейнасць фондаў, што ажыццяўлялі аздараўленне дзяцей за мяжой, каб дзеці не змаглі бачыць іншы ўзровень жыцця і палітычны лад”.
Паводле оргкамітэта, вынік такой палітыкі пагібельны для беларускага народу, якi ўжо ў 1993 годзе ўступіў у паласу дэмаграфічнай катастрофы і страціў каля 500 тыс. насельніцтва.
У сувязi з гэтым аўтары звароту патрабуюць:
1. Адмяніць усе ўказы, супярэчныя Закону “Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС”, і аднавіць усе правы на ільготы.
2. Аднавіць грашовую кампенсацыю ахвярам Чарнобылю ў доларавым эквіваленце да савецкага рубля 1990 г.
3. Аднавіць усё спецыялізаваныя медычныя ўстановы, у т.л. Інстытут радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, стварыўшы яго філіі ва ўсіх абласцях.
4. Правесці дыспансерызацыю ўсяго насельніцтва краіны. Аднавіць у поўным аб`ёме сістэму радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчавання і навакольнага асяроддзя.
5. Правесці атэстацыю незалежнымі экспертнымі камісіямі ўсіх працаўнікоў сістэмы Дзяржкамчарнобылю наконт прафесіяналізму і добрасумленнасці.
6. Звярнуцца ў адпаведныя органы ААН з просьбай разглядзець пытанне правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з дзяржаўнай палітыкай фізічнага вынішчэння ўласнага народу, якая тут праводзіцца.
7. Уключыць пытанне пра чарнобыльскую кампенсацыю для Беларусі ў парадак дня перамоваў з Расейскай Федэрацыяй як спадкаемцай СССР.
8. Адмяніць усе абмежаванні на гуманітарную дзейнасць грамадскіх аб`яднанняў і фондаў.
9. Спыніць крымінальны і адміністрацыйны пераслед нязгодных з палітыкай уладаў, якая парушае канстытуцыйныя правы людзей. Адмяніць дазвольны прынцып рэгістрацыі грамадскіх арганізацыяў і аб`яднанняў.
10. Неадкладна даць пазітыўны адказ на прапановы Еўрапейскага Саюза, зрабіць канкрэтныя крокі дзеля дэмакратызацыі, пачатку сістэмнай супрацы з Аб’яднанай Еўропай у эканамічнай, энергетычнай, чарнобыльскай ды іншых галінах.
Паводле “Салідарнасці” (www .gazetaby .com) і
“Хартыя’97” (www .charter 97.org)
|