“Таварыства беларускай мовы” выпусціла кнігу пра Міколу Ермаловіча
У выдавецтве грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” выйшла ілюстраваная кніга “Мікола Ермаловіч”. Яе падрыхтавалі старшыня Мінскага гарадскога культурна-асветніцкага клуба “Спадчына” Анатоль Белы і члены клуба Анатоль Валахановіч і Надзея Сармант .
Рэдактар выдання Анатоль Белы адзначыў, што 360 старонак кнігі распавядаюць пра жыцце і працу выбітнага беларускага гісторыка, паэта і дысідэнта. У выданне ўвайшлі успаміны пра Ермаловіча яго сяброў, у тым ліку гісторыкаў Анатоля Грыцкевіча, Міхася Чарняўскага і Язэпа Юхо, пісьменнікаў Вольгі Іпатавай і Генрыха Далідовіча. У кнізе таксама змешчаны ўсе мастацкія творы, прысвечаныя Ермаловічу, у тым ліку вершы, здымкі помнікаў і рэпрадукцыі жывапісных твораў Анатоля Крывенкі, Алеся Марачкіна і Алеся Цыркунова, а таксама графічныя работы Яўгена Ціхановіча.
Прадстаўлена і літаратурная творчасць самога вучонага, у прыватнасці больш за 100 ягоных вершаў 1970-1980-х гадоў, у якіх Ермаловіч раскрываецца як найвыдатнейшы паэт свайго часу. “Але найбольшую цікавасць выклікаюць 52 гутаркі і інтэрв’ю з Ермаловічам у 1970-я гады, значная частка якіх раней не публікавалася. У іх навукоўца ўздымае пытанні захавання гісторыка-культурнай спадчыны беларусаў і іх роднай мовы”, —паведаміў А.Белы, які добра ведаў гісторыка і ўключыў у кнігу свае ўспаміны пра яго.
Старшыня “Спадчыны” выказаў упэўненасць, што з цягам часу Мікола Ермаловіч будзе прызнаны “не толькі вялікім даследчыкам мінулага Беларусі, але і вялікім беларускім паэтам і дысідэнтам”.
У бліжэйшы час у Мінску адбудзецца прэзентацыя выдання.
Паводле БелаПАН і “Наша ніва” ( www. nn. by)
|