“Старыя інструменты Беларусі”: шукайце на DVD ды канале “ Discovery ”
Учора адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма “Старыя інструменты Беларусі”. Адным яе арганізатараў выступіла МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. А сцэнарыстам і рэжысёрам стаў даследчык нацыянальных інструментаў Зміцер Сасноўскі, лідэр гурту “Стары Ольса”.
На прэзентацыю прыйшло больш за сто чалавек. Яна распачалася з выступу гурту сярэднявечнай музыкі “Testamentum terrae”. Пасля выступу стваральнікаў фільма распачаўся непасрэдна паказ.
Фільм распавядае пра пяць інструментаў: дуду, лютню, ліру, гуслі і сурму. Як адзначыў адзін з удзельнікаў і стваральнікаў фільму, майстар, мастак, этнограф Тодар Кашкурэвіч: “Тыя інструменты, якія паказаныя ў фільме, яны вельмі сімвалічныя для Беларусі. А за 70-80 год панавання савецкай улады менавіта тыя інструменты, што складалі дух нашай краіны, былі практычна забытыя. А цяпер гэтая традыцыя вяртаецца ў нашу краіну і разам з ёй вяртаецца сапраўдны наш стыль”.
Па словах аднаго са стваральнікаў фільму, кіраўніка студыі “Дуэт” Ігара Таркана, фільм паказвае пашану да нашай гісторыі і музыкі, а будучыня ёсць толькі ў народа, які памятае пра сваё мінулае. А пасол ЗША у Беларусі Кэтрын Сцюарт адзначыла, што створаны новы прафесійны фільм, які запаліць інтарэс новага пакалення да аднаўлення традыцыйных інструментаў.
Фільм суправаджала сярэднявечная музыка, былі паказаныя інтэрв’ю з майстрамі, музыкамі, мастацтвазнаўцамі, старажытныя фотаздымкі, малюнкі, а таксама архіўныя відэазапісы і інш.
Кіно выйдзе ў продаж на DVD пасля 20 красавіка. І будзе прадавацца ліцэнзійным накладам у крамах па ? беларуску і па - англійску. Стваральнікі збіраюцца падаць фільм на конкурс каналаў “Дыскавэры” і “Нэшнл Джэаграфік”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|