Што пакажа незалежнае ТБ
Пачатак вяшчання на Беларусь першага незалежнага спадарожнікавага тэлевізійнага канала ТБ " БЕЛСАТ" запланаваны на восень 2007 года. У распараджэнні інтэрнет-газеты "Салідарнасць" апынуўся праект развіцця новага тэлеканала.
Вяшчанне будзе арганізаванае з тэрыторыі Польшчы. Галоўная задача канала – забяспечыць беларусаў незалежнай і аб'ектыўнай інфармацыяй. Па задуме стваральнікаў, канал не будзе прапагандысцкім – прапаганды з лішкам хапляе на беларускіх "кнопках". Замест гэтага, паводле канцэпцыі " БЕЛСАТ", тэлегледачам будуць прапанаваныя цікавыя і годныя даверу праграмы.
Асноўная мова вяшчання – беларуская. На роднай мове будуць гаварыць усе журналісты і вядучыя новага тэлеканала. Аднак калі госць у студыі або суразмоўца журналіста аддае перавагу адказваць па-руску – яго словы на беларускую перакладацца не будуць.
На першым этапе " БЕЛСАТ" будзе вяшчаць 15 гадзін у суткі, а ў эфіры канала будзе 17 уласных праграм.
Дзесяціхвілінныя "Навіны дня" плануецца рыхтаваць штодня. Выходзіць у эфір яны будуць у 17.00. Пасля гэтага праграма будзе паўтарацца праз кожныя тры гадзіны. Навіны будуць засноўвацца на відэаматэрыялах, атрыманых з Беларусі, але запісвацца ў студыі ў Варшаве.
Праграма "Беларусь, Беларусь" – гэта галоўная штотыднёвая праграма, якая ўяўляе меркаванні і ацэнкі экспертаў. Запісвацца яна будзе ў Беластоку або ў Варшаве і прадугледжвае запрашэнне гасцей у студыю.
"Агляд незалежнай прэсы" – штодзённая праграма, заснаваная на матэрыялах беларускіх недзяржаўных СМІ. Акрамя таго, у агляд будуць уключацца і матэрыялы аб нашай краіне, апублікаваныя ў вядучых сусветных выданнях. У рамках праграмы прадугледжаныя прамыя ўключэнні з рэдакцыямі беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, кароткія інтэрв'ю з гасцямі студыі.
Яшчэ адна праграма – "Пад знакам Пагоні" – праграма пра гісторыю Беларусі. У яе аснову лягуць малавядомыя факты беларускай гісторыі. Матэрыялы для праграмы будуць здымацца непасрэдна ў нашай краіне.
"Незалежная сцэна" прадставіць тэлегледачам беларускіх артыстаў, якія па розных прычынах пазбаўленыя магчымасці з'яўляцца на беларускіх дзяржаўных каналах. У праграме будзе гучаць розная музыка - ад народнай да року.
"Беларускі андэграўнд" прэзентуе беларускіх дзеячаў культуры, якія жывуць і працуюць за мяжой; "Мы адгэтуль" распавядзе пра розныя куткі Беларусі, пазнаёміць з іх жыхарамі, а "Хто ёсць хто ў Беларусі?" – пра значных асобаў у айчынным сацыяльным, культурным і палітычным жыцці.
Акрамя таго, у эфіры " БЕЛСАТ" будуць такія праграмы, як "Госць тыдня", " Студэнцкая думка", "На мяжы" і іншыя. Таксама ў эфіры будуць дэманстравацца мастацкія і дакументальныя фільмы, створаныя ў Беларусі, Польшчы і іншых краінах.
На жаль, убачыць новы канал змогуць толькі ўладальнікі спадарожнікавых антэн. Аднак, паводле даследаванняў, праведзеных стваральнікамі " БЕЛСАТ", іх колькасць стала расце. Сёння спадарожнікавым тэлебачаннем карыстаюцца 7,2% жыхароў Беларусі (у 2003 годзе – толькі 1%).
Сяргей Авяр’янаў
gazetaby.com
|