У ПАСЕ перададзеная першая тысяча подпісаў грамадзян Беларусі.

У нашай краіне набірае тэмп грамадзянская кампанія "Беларусь – у Раду Еўропы!". Апублікаваны 12 сакавіка на першай вясновай масавай акцыі Зварот да беларусаў, які падпісала 80 вядомых нацыянальных дзеячаў, падтрымліваецца шматлікімі беларускімі грамадзянамі. У гэтым звароце дзеячаў беларускага грамадства ўтрымліваецца пазітыўны водгук на абвешчаныя ў лістападзе 2006 года партнёрскія прапановы да нашага народа з боку Еўразвязу, на яго 12 умоў да беларускага ўрада па дэмакратызацыі. Грамадзянская ініцыятыва пашырылася зборам подпісаў беларусаў у падтрымку прапаноў Еўразвязу і ўзгадненні плану сумесных дзеянняў па прыняцці Беларусі ў Раду Еўропы. Тэкст адпаведнай петыцыі нашых грамадзян да дэпутатаў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы пачаў распаўсюджвацца, у тым ліку праз беларускія СМІ. Так, у газеце "Народная воля" ў нумары ад 23 сакавіка быў надрукаваны Зварот і анансаваная публікацыя ўзору падпіснога ліста.

Сабраныя названай ініцыятывай 1.018 подпісаў перададзеныя ў офіс Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАСЕ).

Па словах палітыка Вячаслава Сіўчыка, 5 красавіка подпісы былі накіраваныя старшыні ПАСЕ Рэне ван дер Ліндэну. "У тым ліку і подпісы тых 80 вядомых людзей Беларусі, якія падтрымалі нашу ініцыятыву і ліст якіх быў апублікаваны ў газеце "Народная воля", – сказаў В.Сіўчык.

Па яго словах, збор подпісаў за ўступленне Беларусі ў Раду Еўропы будзе працягнуты. "Гэта быў толькі першы этап працы ініцыятыўнай групы. Мы маем намер працягваць збор подпісаў і ў далейшым. Перыядычна гэтыя подпісы мы будзем перадаваць не толькі ў Раду Еўропы, але і ў дыпламатычныя місіі еўрапейскіх дзяржаў, якія прадстаўляюць тут Еўрасаюз", – сказаў В.Сіўчык.

На сёння, аб распачатай грамадзянскай кампаніі яе ініцыятары паінфармавалі амбасаду Нямеччыны і прадстаўніцтва АБСЕ у Беларусі. Еўрапейскія дыпламаты з сур'ёзнай увагай паставіліся да ініцыятывы беларускіх грамадзян і засведчылі, што Рада Еўропы разгледзіць сустрэчныя прапановы беларускай грамадскасці.

25 марта сярод удзельнікаў масавай акцыі апазіцыі, якія адзначалі Дзень Волі, нягледзячы на процідзеянне сілавых падпадзяленняў, было сабрана некалькі сотняў подпісаў пад петыцыяй беларускіх грамадзян да дэпутатаў ПАСЕ. Сімвалічна, што ў Еўропе ў гэты дзень ішлі таксама ігнаруемыя беларускім рэжымам святкаванні - ушаноўвалі 50-годдзе стварэння Еўразвязу.

У далейшым для збору подпісаў па ўсёй краіне, у першую чаргу ў кожнай вобласці, будуць стварацца грамадзянскія камітэты.

Наступным жа этапам кампаніі стане ўзгадненне і рэалізацыя праграмы сумесных дзеянняў Рады Еўропы і беларускай грамадскасці, чаму паслужаць круглыя сталы прадстаўнікоў ПАСЕ і беларускай дэмакратычнай супольнасці, стварэнне працоўных груп экспертаў. Пры праяўленні афіцыйнымі ўладамі Беларусі добрай волі і заяве аб гатоўнасці да цывілізаванага ўдзелу такія мерапрыемствы могуць фармавацца і на трохбаковай аснове. У выпадку ж процідзеяння беларускіх уладаў грамадзянскай кампаніі стане відавочным, што рыторыка прэзідэнцкага рэжыму ў бок Еўропы толькі прыкрывае імкненне Лукашэнкі выйграць час для ўмацавання сваёй асабістай улады.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

‹‹ на галоўную | у архіў