А вы ведаеце беларускага пісьменніка Леаніда Цыпкіна?
У Нямеччыне выдадзены пераклад кнігі Леаніда Цыпкіна “Лета ў Бадэне”. Раман адразу ж выклікаў вялікі розгалас у нямецкіх чытацкіх колах. Нямецкая крытыка піша пра Цыпкіна як пра беларускага пісьменніка і бачыць у ім глыбокага знаўцу іншага выдатнага пісьменніка, звязанага паходжаннем з Беларуссю, – Фёдара Дастаеўскага.
Кнігу “Лета ў Бадэне” заходнія крытыкі называюць самым невядомым геніяльным творам другой паловы XX стагоддзя. Яе аўтар патолагаанатам Леанід Цыпкін нарадзіўся і правёў сваё дзяцінства і юнацтва ў Мінску, у 1950–1970-х гадах жыў і працаваў у Ленінградзе, а ў 1982-м памёр у ЗША.
Галоўны герой твору Цыпкіна – вялікі расійскі пісьменнік Фёдар Дастаеўскі, продкі якога паходзілі з Беларусі, колішняй мяжы габрэйскай аселасці. Лейтматыў твору Леаніда Цыпкіна – горкае неразуменне, як Дастаеўскі, вялікі чалавек, што тонка адчуваў пакуты людзей, абараняў прыніжаных і пакрыўджаных, не знайшоў аніводнага слова ў абарону габрэяў – гнаных на працягу тысячагоддзяў людзей, якіх ён, нават, не называў народам, а “племем”.
Леанід Цыпкін нарадзіўся ў Мінску ў 1926 годзе, у сям’і медыкаў габрэйскага паходжання. У 1941-м, пасля акупацыі роднага гораду фашыстамі, стаў сведкам гібелі многіх сваякоў. 15-гадоваму хлопчыку цудам удалося выратавацца. Пасля вайны юнак паехаў у Ленінград, каб атрымаць там медычную адукацыю. Гэты горад Цыпкін у першую чаргу асацыяваў з вобразам Дастаеўскага. Ён дасканала вывучаў мясціны, звязаныя з жыццём вялікага пісьменніка, фатаграфаў іх, нават выпусціў у Ленінградзе фотаальбом “Мясціны Дастаеўскага”. Адначасна Цыпкін пачаў пісаць прозу, у тым ліку і раман “Лета ў Бадэне”. Творы пісаліся пераважна “ў шуфляду”. Урыўкі раману ўпершыню былі надрукаваныя ў ЗША ў 1982 годзе за некалькі дзён да смерці аўтара.
У рамане пераплятаюцца некалькі сюжэтаў. Першы сюжэт – аўтар кнігі едзе цягніком з Масквы ў Ленінград, чытае “Дзённік жонкі Дастаеўскага”, а потым наведвае апошнюю пецярбургскую кватэру пісьменніка. У другім сюжэце апісваецца падарожжа Дастаеўскага і ягонай маладой жонкі за мяжу. Як лекар з вялікім стажам Цыпкін дыягнастуе пэўныя медычныя праблемы вялікага пісьменніка. Ён бачыць у Дастаеўскім закамплексаванага, унутрана вельмі прыніжанага чалавека, які ў сувязі з гэтым патаемна марыць прынізіць іншых і ўвесь час змушаны глыбока хаваць свае заганы.
Цікавая дэталь, якую падаюць нямецкія перакладчыкі раману. Ува ўсёй кнізе Цыпкіна ўсяго толькі 34 кропкі. Ягоная проза – бясконцая плынь свядомасці – то аўтара, то жонкі Дастаеўскага, то самога Дастаеўскага. Нямецкім перакладчыкам хацелася захаваць аўтарскі сінтаксіс, але пры гэтым зрабіць кнігу зразумелай для немцаў. Ім прыйшлося для гэтага ўвесці дадатковыя працяжнікі.
Творы Леаніда Цыпкіна таксама перакладзеныя на англійскую і французскую мовы. У 2005 годзе кніга “Лета ў Бадэне” выйшла ў Маскве. На радзіме Цыпкіна – у Мінску – раман не выдаваўся.
Радыё “Свабода”
svaboda.org
|