Леанід Заіка: У Беларусі найгоршыя ўмовы для бізнесу
У апублікаванай штогадовай справаздачы Усясветнага Банку пра ўмовы вядзення бізнесу гаворыцца, што Беларусь — найгоршая краіна свету ў пытанні падаткаабкладання бізнесу. Каб выканаць усе падатковыя законы, фірма ў Беларусі мусіць заплаціць 186% падатку з прыбытку, а за год прадпрыемства павінна зрабіць 125 падатковых плацяжоў. Акрамя таго, у Беларусі складаныя ўмовы рэгістрацыі ўласнасці і знешнеэканамічнай дзейнасці.
У Міністэрстве падаткаў і збораў не пагаджаюцца з высновай Усясветнага Банку. Прэс-сакратар міністэрства Аляксандр Жыгуліч сказаў, што Беларусь выглядае лепш параўнальна з іншымі краінамі (напрыклад, з Нямеччынай і Бельгіяй) у пытанні падатковай нагрузкі: “Па гэтай справаздачы не відаць, што яны маюць на ўвазе пад падатковымі плацяжамі, адкуль яны ўзялі гэтую лічбу — 125. Што яны наагул ўкладалі ў паняцце “падатковая выплата”. Магчыма, яны сюды аднеслі нават дзяржмыты за падачу пазоўнай заявы, і так мы можам далічыцца да тысячы. Я думаю, тут нават нейкае прадузятае стаўленне. Я не ведаю, як яны гэта разлічвалі. У нас няма такой статыстыкі — 186 працэнтаў падатку з прыбытку. У нас методыкі разліку падатковай нагрузкі няма, таму параўноўваць нас з іншымі краінамі некарэктна, бо ў нас інакш лічыцца”.
Былы прадпрымальнік Леў Марголін пагаджаецца з высновамі Усясветнага Банку: “Кожны, хто хоць аднойчы сутыкнуўся з гэтай нашай сістэмай, ён з гэтым пагодзіцца. Калі б прадпрымальнікі ў нас працавалі сумленна, то іх проста не было б. Тое, што прадпрымальнікі сёння яшчэ існуюць, гэта тое, што яны на свой страх і рызыку стараюцца недзе падмануць дзяржаву. Іначай яны працаваць не змаглі б. Таму з кожным годам у нас іх становіцца ўсё менш і менш”.
Былы генеральны дырэктар буйнога прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў заявіў, што ў Беларусі адна з самых складаных і заблытаных сістэм падаткаабкладання: “Гэта проста наагул бязглуздзіца. Што тычыцца юрыдычных асобаў, то ўсё ўпіраецца ў гэтую падатковую сістэму і складанасці ўзаемаадносінаў з дзяржавай. Трэба нават спецыяльнага чалавека трымаць на фірме, які забяспечвае кантакты з усімі дзяржструктурамі, а таксама некалькі бухгалтараў. А што да выплат падатковых, то таму і не развіваюцца юрыдычныя асобы і прадпрымальніцтва, бо выплаты сапраўды вельмі вялікія”.
Паводле эканаміста Леаніда Заікі, вынікі гэтага даследавання па Беларусі былі вядомыя раней: “Сапраўды, гэта так: самыя дрэнныя ўмовы для вядзення бізнесу, фармавання бізнэс-асяродку, а ўмовы падаткаабкладання дужа нявыгадныя для эканамічнага росту краіны. Нам даводзілася з гэтымі звесткамі знаёміць і чыноўнікаў. Парадокс у тым, што рэакцыі ніякай. Нібыта гэта лічбы з Марсу. У Беларусі так прыцярпеліся да гэтага нярынкавага асяродку, што ўспрымаюць яго як натуральнае”.
Радыё “Свабода”
svaboda.org
|