Аляксандр Казулін адмовіўся прымаць турэмную ежу
Стан здароўя экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна па-ранейшаму непакоіць ягоных сваякоў і адвакатаў, да якіх раней дайшлі звесткі пра хваробу палітыка. Сёння ў Мінскім следчым ізалятары з Аляксандрам Казуліным сустрэўся ягоны адвакат Ігар Рынкевіч.
Спадар Казулін скардзіцца на пагаршэнне здароўя і заяўляе, што адмовіўся прымаць турэмную ежу. Пра гэта паведаміў “Свабодзе” адвакат Ігар Рынкевіч, які сустрэўся з палітыкам у Мінскім следчым ізалятары 6 верасня.
Між тым, афіцыйныя асобы кажуць, што за здароўе Аляксандра Казуліна баяцца не трэба. Пра гэта 5 верасня заявіў начальнік медыцынскай службы дэпартаменту выканання пакаранняў Васіль Завадскі. Сёння начальнік дэпартаменту Уладзімер Коўчур у размове з І.Рынкевічам нагадаў, што ўлетку Аляксандра Казуліна змяшчалі ў турэмны шпіталь, дзе дактары пацвердзілі, што ён здаровы.
Жонка палітыка Ірына Казуліна заявіла “Свабодзе”, што не давярае словам міліцыянтаў адносна здароўя яе мужа. Сама Ірына Казуліна бачылася з Аляксандрам Казуліным болей за месяц таму, і яна згадвае, што ён вельмі схуднеў. Казулін ні на што не скардзіўся, але ягоная жонка адзначыла, што “ён ніколі не скардзіцца”. Ірына Казуліна нагадала пра лёс Міхаіла Марыніча, які ў турме зрабіўся інвалідам.
Лідэр страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі перакананы, што медыцынскую служба пенітэнцыярнай сістэмы ў Беларусі трэба рэфармаваць. Валеры Леванеўскі прапануе вывесці турэмных дактароў з падпарадкавання адміністрацыям турмаў і калоніяў. Былы вязень згадвае, як турэмныя дактары не аказвалі яму дапамогі, калі ён канфліктаваў з турэмным начальствам. Таксама спадар Леванеўскі лічыць, што ў беларускіх турмах вязням у ежу могуць дадаваць рэчывы, якія правакуюць пагаршэнне здароўя. Гэтым Валер Леванеўскі тлумачыць тое, што пасля двух гадоў зняволення ён выйшаў з калоніі з вельмі хворым сэрцам. Валеры Леванеўскі не выключае, што такое робяць і з Аляксандрам Казуліным.
У медыцынскай службе дэпартаменту выканання пакаранняў адмовіліся каментаваць заявы спадара Леванеўскага адносна магчымага атручвання вязняў.
Паводле радыё “Свабода”
svaboda.org
|