У Маскоўскім судзе няма беларускамоўнага перакладчыка
Таму тэрмін Юрася Іванюковіча пакуль нявызначаны

Судовае паседжанне па справе беларуса Юрася Іванюковіча, абвінавачванага ў вандалізме і апаганенні будынка беларускай амбасады ў Маскве, перанесена на нявызначаны тэрмін. Па словах адваката беларуса Станіслава Маркелава, суд не можа пачацца, паколькі дагэтуль не знойдзены перакладчык, які можа вусна перакладаць з беларускага.

Маркелаў нагадаў, што 9 траўня Ю.Іванюковіч напісаў маркерам на шыльдах, змешчаных на сцяне будынка амбасады Беларусі ў Расіі, надпісы “Жыве Беларусь!!!” і “БТ маніць!!!”. Яго тут жа прымусілі сцерці надпісы, а затым затрымалі. 10 ліпеня Басманны суд Масквы прыступіў да слухання крымінальнай справы па абвінавачванні Іванюковіча ў вандалізме.

Па сутнасці, гаворыць адвакат, суд не можа пачацца. “Запрошаныя перакладчыкі не разумеюць майго падабароннага, больш таго — мы не разумеем, як было праведзена папярэдняе следства, калі ў перакладзе сведчанняў на рускі — тры фактычныя памылкі”, — адзначыў Маркелаў.

Адвакат беларуса падкрэсліў, што прыцягненне да судовага працэсу ў Расіі беларускага перакладчыка, фактычнае прызнанне судом існавання гэтай мовы, — прэцэдэнт, за які ён удзячны суддзі. Маркелаў адзначыў, што віна яго падабароннага пад сумненнем: надпісы Іванюковіча прымусілі выцерці, а ні адзін супрацоўнік амбасады апытаны не быў. “Можа, яны не ведаюць нічога аб тым, што суд заве актам вандалізму?” — гаворыць адвакат. Па ягоных словах, можна асцерагацца таго, што беларусы, якія здзейснілі ў Расіі злачынства, фактычна не могуць быць судзімыя з-за адсутнасці перакладу з беларускага. “Ім не змогуць ні прад’явіць абвінавачванне, ні вызначыць меру ўтрымання”, — звярнуў увагу Маркелаў.

БелаПАН
‹‹ на галоўную | у архіў