Вялікая салянка ў Амерыцы Беларускія мастакі прымуць удзел у міжнароднай выставе
Вядомыя Беларускія мастакі прымуць удзел у міжнароднай выставе ў музеі Расійскага Сучаснага Мастацтва Аляксандра Глэзера. Адкрыццё выставы адбудзецца ў нядзелю 10 верасня а 16-й гадзіне. Выстава працягнецца да 24 верасня.
Адрас музея :
80 Grand street, Jersey City, NJ
Праезд Path train з Manhattan з 34 Str. да Grove Str.
Альбо ад World Trade Center да Exchange Place.
На машыне — праз Holland Tunnel.
Генеральны дырэктар музея Аляксандр Глэзер так распавёў аб запланаванай выставе:
“У нашага музея ўжо ёсць вопыт правядзення падобных выстаў. Тут ужо праходзілі расійска-амерыканская і расійска-грузінска-амерыканская экспазіцыі. Зараз мы рыхтуем наступную міжнародную выставу: расійска-беларуска-грузінска-французка-амерыканскую.
Ад Беларусі ўдзел у выставе прымаюць такія вядомыя майстры як Алесь Шатэрнік, Алесь Марачкін, Міхаіл Карпук, Уладзімір Сулкоўскі і інш. Таксама ў выставе прыме ўдзел маладая беларуская мастачка Юля Шатэрнік.
Ад Расіі ўдзел у выставе прымаюць такія сусветна вядомыя мастакі як Оскар Рабін, Анатоль Звер’еў, Уладзімер Якаўлеў, Барыс Забораў, Алег Цэлкоў і іх маладыя калегі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Новакузнецка, Ніжняга Ноўгарада, Екацерынбурга, Харкава, Запарожжа, Парыжа, Манрэаля, Іерусаліма, Нью-Йорка, Таронта.
Ад Грузіі прымаюць ўдзел пяць майстроў, у тым ліку Уладзімір Кандэлакі, Зура Бушурышвілі, Іраклій Аваліані і інш.
Францыю прадстаўляюць два мастка-парыжане – Габрыэль Жуан-Эржэн і Сільвія Табэ.
Ад ЗША бяруць удзел пяць мастакоў, якія працуюць у штаце Нью-Йорк: Лана Сантрэллі, Робін Вохл, Рычард Бахлер і інш.
Зразумела, што пры такой колькасці мастакоў з розных краін гледачы сустрэнуцца на выставе з самымі рознымі напрамкамі, існуючымі ў сучасным мастацтве”.
Спадзяемся, што кожны наведвальнік выставы знойдзе на ёй нешта блізкае да свайго светаадчування, а не разгубіцца ў эклектыцы экспазіцыі.
Інфармацыйны Цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”,
паводле www.belmov.org
|