Газета вольная ў межах віртуальнасці
У Беларускім Інтэрнэт-асяродку з’явілася першая электронная газета “Еженедельник” (“Штодзённік”). Больш дакладна аб ёй вы можаце даведацца на сайце http://www.ej.by/.
Адзін з найлепшых варыянтаў абыйсці цэнзуру, якая зараз кантралюе СМІ, — інтэрнэт. Тым і цікавы праект “Ежедневника”. Ён складаецца па выніках мінулага дня, аўтары — вядомыя журналісты (у асноўным “Беларускай дзелавой газеты”), галоўны рэдактар “Ежедневника” Сяргей Сацук. “Ежедневнику” не патрэбна друкарня, ён з раніцы дасылаецца ўсім падпісчыкам на электронную пошту ў фармаце PDF (выглядае як звярстаная газета). І карыстальнік можа яе прагледзіць або на кампутары, альбо раздрукаваць і чытаць за кубачкам кавы, ці ў транспарце.
Рэдакцыя абяцае, што ў выданні будуць і падборкі навінаў, і аўтарскія артыкулы, і аналітыка з каментарыямі, а таксама рэпартажы і журналісцкія расследаванні. З панядзелка па чацвер плануецца складанне газеты з навінаў і каментарыяў. Па пятніцах будзе выходзіць аналітычны нумар з некаторай часткай забаўляльных матэрыялаў. Газета выходзіць на рускай мове, аднак выдаўцы кажуць, што асобныя версіі могуць выйсці на беларускай і англійскай.
У інтэрв’ю радыё “Свабода” галоўны рэдактар “Ежедневника” Сяргей Сацук распавёў пра новае ва ўсіх адносінах выданне:
— Мы арыентаваліся збольшага на ўкраінскі рынак. Там існуюць дзве аналагічныя газеты, якія распаўсюджваюцца праз е-мэйл у фармаце PDF, маючы наклад 200 тысяч асобнікаў (нягледзячы на тое, што незалежных выданняў ва Украіне вельмі шмат). Таму спадзяваліся, што ў нас таксама будзе падобны прадукт. І хоць на “Ежедневник” патрэбна афармляць падпіску, яна ж бясплатная.
Зрэшты, спадар Сацук не адкідае магчымага пераходу да друкаванага “Ежедневника”, бо многія людзі кансерватыўныя і аддаюць перавагу папяровым газетам, а бальшыня беларускіх чытачоў папросту не мае магчымасці карыстацца інтэрнэтам.
Інфармацыйны Цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Паводле http://www.ej.by
і радыё “Свабода”
|