У.Някляеў: “Мы стаміліся, патрэбна свежая кроў”

5 верасня ў дольнай залі касцёлу св. Сымона і Алены адбыўся сход сяброў РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтр”. На сходзе абралі новага першага намесніка старшыні ды ўручылі прэміі імя Ф. Багушэвіча і А. Адамовіча.

Распачаўся сход з ушанавання памяці сябра Беларускага ПЭН-Цэнтру Янкі Брыля. Наступным было абранне першага намесніка старшыні арганізацыі. Аднагалосна быў абраны прапанаваны Радай ПЭН-Цэнтру Андрэй Скурко, намеснік галоўнага рэдактара “Нашай Нівы”.
Падчас сходу былі ўручаныя прэмія імя Ф. Багушэвіча Леаніду Маракову за кнігу “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы 1794–1991” і прэмія імя А. Адамовіча Сяргею Навумчыку за кнігу “Сем гадоў Адраджэння. Фрагменты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)”.

Мерапрыемства праходзіла пад знакам апошніх падзеяў: канчатковага высялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў з Дома літаратара, расейскамоўных падручнікаў па гісторыі Беларусі, ды ініцыяваных Лукашэнкам зменаў правапісу. З гэтай нагоды выступалі Вольга Іпатава, Сяргей Законнікаў, Алег Трусаў, Алесь Пашкевіч ды іншыя. Усе выступоўцы падкрэслівалі цяжкае становішча недзяржаўных арганізацыяў. Аднак адзінага варыянту выхаду з існай сітуацыі не знайшлі.

Старшыня арганізацыі Уладзімір Някляеў падаў заяву аб сыходзе з пасады. “Аб’ектыўна кажучы, мы, выхаваныя ў “саўку”, ужо не спраўляемся даганяць час, мы стаміліся”. Аднак прысутныя на сходзе сябры Цэнтру не вызначыліся з кандыдатурай пераемніка, таму з канчатковым абнаўленнем кіраўніцтва ПЭН-Цэнтру давядзецца пачакаць.

Беларускі ПЭН-Цэнтр – адна з тых недзяржаўных арганізацыяў, якія былі створаныя паводле ініцыятывы знізу, без ніякага ўплыву савецкай спадчыны. Яе стваральнікамі і кіраўнікамі ў свой час былі Васіль Быкаў і Карлас Шэрман. Удзельнікі апошняга сходу неаднойчы падкрэслівалі важкасць Цэнтру і неабходнасць не толькі яго захавання, але і існавання, годнага імёнам яго стваральнікаў.

“Наша Ніва”
www.nn.by
‹‹ на галоўную | у архіў