Прэмія Багушэвіча
5 верасня на сходзе Беларускага ПЭН-цэнтру Леанід Маракоў быў узнагароджаны пачэснай прэміяй імя Францішка Багушэвіча. Уручаючы ўзнагароду, Уладзімір Някляеў адзначыў, што даследчык выканаў працу цэлага інстытуту. Шматтамовы даведнік “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі 1794-1991” не мае аналагаў. Гэта свайго роду помнік, які пляменнік паставіў свайму дзядзьку, Валерыю Маракову, закатаванаму саветамі.
Каб выдаць даведнік “Рэпрэсаваныя...”, пісьменнік прадаў свой мікрааўтобус. Аднак праца гэтая далёкая ад завяршэння. Увесь час адшукваюцца новыя і новыя звесткі. Як сумна пажартавалі калегі на сходзе ПЭН-цэнтру, у Маракова яшчэ ёсць кватэра. Вядома ж, дзяржава не дае на такія кнігі ні капейкі.
Між тым аўтар рыхтуе да друку яшчэ адну кнігу (працоўная назва) “Толькі адна ноч”. У кнізе змешчаныя біяграфіі расстраляных 27 кастрычніка 1937 г., калі ў адну ноч былі забітыя каля 100 дзеячаў нацыянальнай культуры. Прыводзяцца таксама і звесткі пра іхных катаў, якія ў раскошы дажывалі свае дні на праспекце Скарыны...
Лаўрэатамі літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча ў розныя гады станавіліся Кастусь Акула, Алесь Белы, Андрэй Катлярчук, Захар Шыбека, Ніна Стужынская і іншыя пісьменнікі і гісторыкі.
Леанід Маракоў – празаік і гісторык, пляменнік літаратара Валерыя Маракова, забітага ў 1937 г. Нарадзіўся ў 1958 годзе. Жыве ў Мінску. Аўтар даведнікаў “Валеры Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст”, “Вынішчэнне”. Аўтар кніг прозы: “Непамяркоўныя I”, “Непамяркоўныя II”, “Трое”, “100 мініяцюр”. Выйшла тры тамы складзенага ім энцыклапедычнага даведніка “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі 1794-1991”.
“Наша Ніва”
www.nn.by
|