Палітрада дэмакратычных сілаў пашырае свае шэрагі
У Палітраду аб’яднаных дэмакратычных сіл увайшлі прадстаўнікі Каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў. Заява прадпрымальнікаў аб далучэнні да аб’яднанай апазіцыі было падтрымана на сённяшнім паседжанні (6 верасня) палітрады ў Мінску.
“Мы вітаем рашэнне прадпрымальнікаў пачаць працаваць у складзе палітрады, — сказаў у інтэрв’ю БелаПАН лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч. — Прадпрымальнікі пачынаюць расставацца з ілюзіямі, што стаўленне ўлад да іх можна пераламаць толькі пасродкам вылучэння эканамічных лозунгаў, застаючыся пры гэтым удалечыні ад палітыкі”. Пры гэтым ён падкрэсліў, што палітрада гатова ўзаемадзейнічаць і з іншымі прадпрымальніцкімі структурамі.
Учора на паседжанні быў ізноў разгледжаны графік рэгіянальных паездак А.Мілінкевіча па краіне. Раней меркавалася, што на працягу некалькіх месяцаў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл наведае 25 гарадоў краіны. Аднак улады пачалі забараняць правядзенне мітынгаў з удзелам А.Мілінкевіча. Прычым, па меркаванні арганізатараў, часта з парушэннем Канстытуцыі і заканадаўства краіны. Тым не меней, па словах лідэра аб’яднанай апазіцыі, гэтыя сустрэчы будуць працягнутыя ў выглядзе сустрэч з дэмакратычным актывам або ў іншых формах. Адной з асноўных тэм гэтых сустрэч стане выпрацоўка механізмаў процідзеяння магчымаму рэферэндуму па аб’яднанні Беларусі і Расіі ў рамках будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. “Правядзенне падобнага рэферэндуму цалкам верагодна. І мы жадаем, каб гэта ўсведамлялі ўсе, для каго словы “суверэнітэт і незалежнасць Беларусі” не пусты гук”, — падкрэсліў А.Мілінкевіч.
БелаПАН
|