Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя ім. П.Броўкі” пасылаюць як і “Бацькаўшчыну”
Сітуацыя, падобная той, што адбывалася з нашым аб’яднаннем МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” на працягу вясны і лета, зараз разыгрываецца з унітарным прадпрыемствам “Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Нас на падставе капітальнага рамонту выселілі з будынка па вул. Рэвалюцыйная, 15, у Мінску. На ўсе нашы звароты, лісты Мінгарвыканкам прапанаваў неверагодныя варыянты пераезду, адным з якіх было памяшканне ў адміністрацыйным будынку каля МКАД па вул. Сцебянёва, 20, корпус 2. Зразумела, што мы не маглі туды з’ехаць, бо гэта было б раўназначна нашаму закрыццю. Міжнародная арганізацыя ў глухім раёне, побач з кальцавой дарогай, куды не даязджае грамадскі транспарт, існаваць не можа.
На сённяшні дзень унітарнае прадпрыемства “Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі” страчвае свой будынак у цэнтры Мінска па вуліцы Акадэмічнай, 15а. Ім прапанавана пераехаць у той жа шматпавярховы будынак на ўскрайкуе сталіцы (па вуліцы Сцебянёва, 20, корпус 2).
Увосень 2005 года Вышэйшы гаспадарчы суд вырашыў забраць будынак выдавецтва сабе. Адміністрацыя БелЭН, а таксама вядомыя дзеячы нацыянальнай навукі і культуры звярнуліся да прэзідэнта і ў яго Адміністрацыю з просьбай пакінуць будынак за імі, але атрымалі распараджэнне прэзідэнта ад 13 сакавіка 2006 года аб бязвыплатнай перадачы будынка Гаспадарчаму суду Мінска. А праз пяць дзён было выдадзена новае распараджэнне кіраўніка дзяржавы аб вылучэнні сродкаў на рэканструкцыю будынка па вуліцы Акадэмічнай, 15а.
Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы прадпрыемства лічаць, што перасяленне ў гэты раён роўны смерці для выдавецтва, з якім супрацоўнічаюць навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук і сталічных універсітэтаў, а таксама вядомыя дзеячы нацыянальнай культуры. Акрамя таго, прапанаваныя памяшканні з іх камунікацыямі і сродкамі сувязі не адпавядаюць патрабаванням, прад’яўленым выдавецтвам, і іх рэканструкцыя запатрабуе значных капіталаўкладанняў.
У сувязі з тым, што ўсё звароты да ўладаў засталіся без задавальнення, пачаўся адток кадраў. Толькі з 22 чэрвеня гэтага года, працу ў БелЭН пакінуў кожны чацвёрты супрацоўнік, а ў выпадку пераезда выдавецтва ў прапанаваны будынак, звальняцца намерваецца кожны другі з застаўшыхся адмыслоўцаў.
Сярод магчымых прычын пазбаўлення выдавецтва свайго будынку прадстаўнікі ініцыятыўнай групы называюць ідэалагічнае непрыманне уладай шэрагу выданняў БелЭН, а таксама эканамічную зацікаўленасць дзяржавы ў будынку па вуліцы Акадэмічнай,15а.
Інфармацыйны Цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|