БНФ прапанаваў правесці Форум за незалежнасць
На апошнім пасяджэнні ўправы Партыі БНФ зацвердзілі ініцыятыву правесці Форум за незалежнасць Беларусі. Мэта форуму — засведчыць волю беларускай грамадзянскай супольнасці і згуртаваць вакол незалежнасці палітычныя і грамадскія структуры краіны.
Паводле лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, форум можна правесці ў канцы кастрычніка, прымеркаваўшы да пачатку кампаніі выбараў у мясцовыя саветы.
Спадар Вячорка прапануе абмеркаваць на форуме тэмы бяспекі Беларусі, лёсу беларускай мовы, культуры і адукацыі ў святле пабудовы так званай саюзнай дзяржавы, міжнародны ды іншыя аспекты праблемы. На форуме можна выпрацаваць супольную пазіцыю і праграму дзеянняў незалежніцкіх сілаў. Паводле спадара Вячоркі, цяпер пачынаюцца кансультацыі дзеля фармавання аргкамітэту форуму. У БНФ перакананыя, што абвастрылася пагроза страты незалежнасці Беларусі, гаворыць Вінцук Вячорка.
Ініцыятыву БНФ падтрымаў лідэр аб’яднанай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч, які заклікае не расхалоджвацца, весці растлумачальную працу, каб не дапусціць раптоўнай альбо паўзучай інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі:
— У мяне ёсць інфармацыя, што кіраўнік беларускай дзяржавы сапраўды ў вельмі дрэнным стане, яго прыціснулі, яго цяпер прымушаюць, а ён не вельмі хоча… І гэта можа зрабіцца міма нашай і ягонай волі. — гаворыць Аляксандр Мілінкевіч — Хаця я не лічу, што ён гарант незалежнасці, ён не можа быць гарантам, таму што для яго цікавая толькі ўлада, а для нас цікавая радзіма. Таму мы не мусім адмаўляцца ад гэтай актыўнасці. Некаторыя кажуць, што вось пачнем, калі яны абвесцяць. Калі абвесцяць, застанецца так мала часу, і ў нас не будзе доступу да радыё і тэлебачання. Ужо сёння трэба пачынаць, і мы будзем займацца гэтым вельмі актыўна”.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян лічыць, што калі і будзе праводзіцца рэферэндум наконт Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы, то не раней вясны.
Мінскі палітолаг Аляксей Кароль перакананы, што пагроза незалежнасці Беларусі існуе цягам усяго прэзідэнцтва А.Лукашэнкі. Праводзіць жа форум за незалежнасць неабходна ў той момант, калі гэтая акцыя будзе мець найбольшы грамадскі рэзананс і эфектыўнасць.
Паводле радыё “Свабода”
svaboda.org
|