Не стыне агонь душы
Янку Запрудніку — 80!

Няма, відаць, у далёкім замежжы такога беларуса, хто б не ведаў імя Янкі Запрудніка — аднаго з актыўнейшых дзеячаў беларускай эміграцыі, гісторыка, палітолага, паэта, празаіка, публіцыста, крытыка, які ўсё жыццё прысвяціў Бацькаўшчыне і беларускай справе. У адрозненне ад беларусаў Амерыкі, Англіі, Аўстраліі, Канады, Бельгіі, Францыі, Германіі, Польшчы, Чэхіі (дзе заснаваны беларускія асяродкі), нашы суайчыннікі даведаліся пра Янку Запрудніка (паэта Сяргея Ясеня), як і пра іншых вядомых таленавітых выгнанцаў, толькі напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі Беларусь неспадзявана атрымала незалежнасць і многія з тых, хто пакінуў радзіму паўвека таму, змаглі наведаць свой куточак зямлі, родных, блізкіх людзей, пакланіцца дарагім магілам.
Прыляцеў з далёкай Амерыкі і Янка Запруднік у сваё роднае мястэчка Мір, дзе нарадзіўся 9 жніўня 1926 года ў сям’і настаўнікаў Веры і Мікалая Вільчыцкіх і дзе скончыў школу. Вучыўся затым у Баранавіцкай прагімназіі, гандлёвай школе, належаў да Саюзу беларускай моладзі.

Ішла Другая сусветная вайна. І хоць удалося пазбегнуць прымусовага вывазу ў Германію, аднак 18-гадовым юнаком Сяргей Вільчыцкі, разам з многімі сябрамі па Саюзу беларускай моладзі, у 1944 г. быў вымушаны пакінуць радзіму. У пераможнай Германіі, каля Рэгенсбургу быў заснаваны лагер перамешчаных асобаў, дзе апынулася вялікая колькасць беларусаў-выгнанцаў. Тут была адкрыта беларуская гімназія імя Янкі Купалы, якую ў 1947 г. скончыў Янка Запруднік, займаўся некаторы час скаўцкімі справамі. На гэты час ён ужо добра валодае англійскай і нямецкай мовамі і, каб неяк зарабіць на далейшую адукацыю, з групай адзінаццаці выпускнікоў выязджае на працу ў вугальныя капальні Англіі. Пазней група стала славутай “Дванаццаткай”, пра якую спадар Янка потым напіша выдатную кнігу.

Працаваць у шахтах даводзілася цяжка, аднак вакол былі сябры, падтрымлівалі і дапамагалі адзін аднаму, жылі верай у лепшую будучыню, у волю і незалежнасць далёкай Бацькаўшчыны. Выдавалі на беларускай мове часопіс “Наперад”, дзе змяшчалі свае вершы, апавяданні, творы вядомых беларускіх пісьменнікаў.

Пра “Дванаццатку” і яе літаратурны часопіс даведаліся ў беларускім студэнцкім асяродку Бельгіі і прапанавалі юнакам паступаць у Лювенскі універсітэт. Так у 1950 г. Янка Запруднік стаў студэнтам гістарычнага факультэта, які паспяхова скончыў у 1954 годзе.

Ужо разам з жонкай Вольгай (1928-1987) (яна таксама вучылася ў гімназіі імя Я.Купалы і скончыла Лювенскі універсітэт) выехаў у Мюнхен на працу на Радыё “Вызваленне” (Радыё “Свабода”). Адначасова супрацоўнічаў з Інстытутам вывучэння СССР, беларускай газетай “Бацькаўшчына”, друкаваў шмат артыкулаў на розныя тэмы ў “Зборніку” Інстытута і на старонках газеты. У 1957 годзе Янка Запруднік з сям’ёю перабраўся на сталае жыхарства ў ЗША і на працягу 37 гадоў нязменна працаваў у беларускай рэдакцыі радыё “Свабода”, якая знаходзілася на Манхэтане ў Нью-Йорку. Ён і тут працягваў вучыцца, скончыў Нью-Йоркскі універсітэт, абараніў доктарскую дысертацыю на вельмі цікавую і малавядомую ў беларускай гісторыі тэму: “Палітычнае змаганне за Беларусь у Дзяржаўных Думах Расіі 1906-1917 гг.”. Атрымаўшы ступень доктара філасофіі (1969) Янка Запруднік у 70-я гады чытаў лекцыі па гісторыі Расіі і Савецкага Саюзу. Выдаў на аснове сваіх даследаванняў 10 нумароў англамоўнага бюлетэню “Факты пра Беларусь”. Адначасна пісаў і выступаў на Радыё з глыбоказмястоўнымі артыкуламі па савецкай і міжнароднай палітыцы.

Але самае галоўнае, мэтанакіравана выбудоўваючы свой лёс, дабрабыт сям’і далёка ад Бацькаўшчыны, ён ніколі не забываў пра яе. Не астывалі творчы напал і памкненні рабіць усё магчымае дзеля забранай радзімы. Ён актыўна ўключыўся ў жыццё беларускай дыяспары, стаў самым дзейсным сябрам беларуска-амерыканскіх арганізацый: Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, Фундацыі імя П.Крэчэўскага, Амерыканскай Асацыяцыі Славістаў і асабліва вялікую працу і да гэтага часу вядзе ў Беларускім Інстытуце Навукі і Мастацтва, які знаходзіцца ў будынку Нью-Йоркскай публічнай бібліятэкі (дырэктар інстытута наш зямляк — Вітаўт Кіпель). Дарэчы, яны былі стваральнікамі многіх бібліяграфій, вялікага Беларуска-англійскага слоўніка, выдавалі зборы твораў беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў.

Быў сябрам арганізацыйнай групы Беларуска-амерыканскага камітэта палітычных дзеянняў, арганізацыйных каміэтаў Беларускіх фестываляў па правядзенню нацыянальных святаў, уваходзіў у склад Украінскай акадэміі навук (Нью-Йорк), у рэдкалегіі часопіса “Беларуская моладзь”, газеты “Беларус” (якую, дарэчы, рэдагаваў з 1980 г.), “Запісаў Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва, быў рэдактарам бюлетэня “Навіны з Беларусі” (выданне Радыё “Свабода”). Разам з Томасам Бэрдам выдалі беларуска-англамоўную кнігу “Паўстанне на Беларусі 1863 году: “Мужыцкая Праўда” і “Лісты з-пад шыбеніцы”. Тэксты і каментары” (выданне Фундацыі П.Крэчэўскага).

Як гісторык, Янка Запруднік напісаў шмат раздзелаў пра Беларусь і яе гісторыю ў многія англамоўныя кнігі. Яны неслі свету веды пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, традыцыі жыцця народа, яе змагарныя справы. Пісаў артыкулы, нарысы па беларускай дзяржаўнасці, нацыянальнаму пытанню, нацыянальнай палітыкі ў краінах былога СССР, Усходняй Еўропы, раскрываў сутнасць камунізму. Спавядае ідэі БНР і па сённяшні дзень уваходзіць у склад прэзідыума рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Прысвячаў артыкулы Першаму Усебеларускаму з’езду 1917 г., БНР. Слуцкаму Збройнаму чыну. Дзейнасці газет “Наша Ніва”, “Вольная Беларусь” і ролі Я.Купалы, Я.Коласа ў фармаванні беларускай палітычнай думкі.
Пра шырокі абсяг яго навуковых і творчых інтарэсаў сведчыць вялікая колькасць артыкулаў, нават назвы іх даюць уяўленне пра пастаянную адданасць аўтара нацыянальнай праблематыцы. “Вывучайма дакладней жыццё на Бацькаўшчыне”, “У паняволенай Беларусі”, “Беларускае пытанне у Польшчы”, “Расейска-бальшавіцкая гістарыяграфія і Беларусь”, “Як жывецца на Беларусі”, “Беларусь у Задзіночаных Нацыях”, “Да пытання нашага нацыянальнага назову па-ангельску”, “Да пытання беларускага нацыяналізму”, “Навуковыя кадры у БССР: колькасць і якасць”, “Хаваюць нашу мінуўшчыну”, “Праф. Л.Абацэдарскі пра “неабвержаныя факты”, “ЦК КПБ і нацыянальная мінуўшчына”, “Слуцкія падзеі 1920 г.”, “БНР паміж варожымі Расіяй і Нямеччынай”, “Рыскі трактат і Беларусь”, “Нацыянальная самасвядомасць”, “Дзяржаўнасць Беларусі ў дасавецкую эпоху”, “Дзень герояў Беларусі ў Нью-Йорку”, “Статыстыка пра русіфікацыю гарадоў Беларусі”, “Скарына і наш /зрусіфікаваны/ час” і шмат іншых.

(Ці трэба казаць, што змест гэтых публікацый кардынальна адрозніваецца ад поглядаў афіцыйных савецкіх гісторыкаў — найперш праўдзівым і сапраўды навуковым абгрунтаваннем падзей беларускай гісторыі). Вядома ж, аўтар не быў абмежаваны рознымі забаронамі, цэнзурным пераследам і патрабаваннямі чарговага дыктатара. Мог свабодна карыстацца багатымі архівамі, літаратурай пра Беларусь на розных мовах і пісаць так, як паказвала сумленне вучонага і абавязак шчырага патрыёта сваёй айчыны. Сведчаннем гэтага служыць яго выдатная кніга “Беларусь на гістарычных скрыжаваннях”, дзе дакладна і аб’ектыўна прасочана гісторыя Беларусі ад далёкай мінуўшчыны да сучаснасці. “У 1993 годзе кніга была выдадзена па-англійску ў Нью-Йорку і з’явілася найбольш дасканалым адкрыццём Беларусі заходняму чытачу, мела шырокі розгалас у друку. Аўтар дапісаў грунтоўны раздзел, наблізіўшы свой аповед да праблем, трывог і падзей сённяшняга дня.

Пацверджаннем шматграннага таленту Янкі Запрудніка празаіка і журналіста ў дапаўненне да яго ўнікальных здольнасцей гісторыка палітолага з’яўляецца ягоная грунтоўная (на 500 старонак) ужо згаданая дакументальная аповесць “Дванаццатка” (БІНіМ, 2002), якую аўтар прысвяціў памяці сваіх бацькоў Мікалая і Веры Вільчыцкіх і памяці бацькоў сваіх сяброў з Дванаццаткі. Ад першых старонак, дзе аўтар згадвае, як нараджалася і жыла ў ягонай душы ідэя напісаць кнігу пра сваіх сяброў, і да эпілога, — кніга чытаецца з неаслабнай увагай і захапленнем. Магчыма таму, што лёс дванаццаці беларускіх хлопцаў, юнацтва якіх пачалося развітаннем з радзімай, прайшло праз Германію, Велікабрытанію, Бельгію і, прасочанае пісьменнікам на працягу дзесяці гадоў, успрымаецца як лёс цэлага пакалення беларусаў на цяжкіх складаных зломах айчыннай гісторыі, перажытых нашай шматпакутнай Бацькаўшчынай.

Пакідаючы сваю кнігу ў акіяне часу, аўтар спадзяецца, што такое яго своеасаблівае пасланне да моладзі, яго жыццёва-літаратурны запавет, які ствараўся на мяжы стагоддзяў, дойдзе “да другога сэрца, каб працягвалася повязь пакаленняў, повязь раскіданых па свеце сыноў і дачок Беларускай Зямлі”. Пісьменніцкі талент аўтара, натхнёны любоўю да Беларусі, змог так нязмушана і незаўважна рабіць чытача непасрэдным удзельнікам усіх падзей, якія адбываюцца у жыцці дзейных асоб твора. І не толькі ў лёсах Дванаццаткі: Алеся Буты, Міхася Вострыкава, Піліпа Дзехцяра, Паўла Дзмітрука, Янкі Жучкі, Янкі Запрудніка, Леаніда Карася, Алеся Марговіча, Паўла Урбана, Уладзіміра Цвіркі, Леаніда Швайчука, Васіля Шчэцькі, але і ў лёсах многіх вядомых дзеячаў беларускай эміграцыі — кампазітараў, пісьменнікаў, святароў, палітыкаў і самых звычайных людзей.

Аўтару ўдалося ўпісаць жыццё Дванаццаткі, як і наогул беларусаў, у кантэкст эпохі, падзей сярэдзіны XX стагоддзя настолькі арганічна і па-мастацку пераканаўча, што перад намі паўстае сапраўдная гісторыя беларускай эміграцыі — ад самых яе першых крокаў у Еўропе да адаптацыі нашых суайчыннікаў да чужой культуры, што сведчыла пра беларусаў як пра сапраўды еўрапейскую нацыю. Амаль усе юнакі з Дванаццаткі, скончыўшы Лювенскі ўніверсітэт, сталі актыўнымі удзельнікамі грамадска-культурнага жыцця не толькі беларускай дыяспары але Еўропы і Амерыкі, прапагандавалі і сцвярджалі беларускую нацыянальную ідэю у свеце. Глыбоказмястоўны твор Янкі Запрудніка, звернуты да нацыянальнай свядомасці і годнасці беларусаў, ён выклікае у чытача пачуцці, адпаведныя аднаму са шчырых, патрыятычных запаветаў кнігі: “Нясіце ў сэрцы імя Беларусі. Няхай Яна паказвае вам жыццёвы шлях. Не шкадуйце для ЯЕ ахвяры высілку, а калі надарыцца патрэба, ахвяры крыві...”

І яшчэ адна адметная якасць творчага вобліку Янкі Запрудніка — пачынаў ён як паэт і ў беларускай літаратуры вядомы пад паэтычным псеўданімам — Сяргей Ясень. Вершы, напісаныя ў маладыя гады, друкаваліся пераважна ў часопісе “Наперад” (з 1947 г.) і пад псеўданімам Аркадзь Будзіч. Будзіў, абуджаў беларускія душы, не выгнанні забыць сваю Бацькаўшчыну, родную мову. (“Над магілай герояў”, “Дзяўбі” (“У шахце”), “Гімн змаганню”, “Ідэя”, “Адказ” і інш.). Пазней Сяргей Ясень публікуецца ў часопісах “Беларуская моладзь”, “Беларускі агляд”, “Баявая ўскалось”, газетах “Беларус”, “Бацькаўшчына”, альманаху “Ля чужых берагоў”, а ў 1992 г. яго вершы былі надрукаваны ў анталогіі “Туга па радзіме”, выдадзенай у Мінску.

Сяргей Ясень — паэт-лірык выразна патрыятычнага напрамку. Вершы, напісаныя цудоўнай беларускай мовай, прысвечаны ў асноўным Бацькаўшчыне, прыгажосці яе прыроды, народным звычаям, святам і прасякнуты верай у яе нацыянальнае адраджэнне:

Сустрэнуцца браты!
Сустрэнуць новы дзень на беларускіх гонях,
І шчасце прынясуць у родныя куты,
Бо зброя ў іх — магутны меч Пагоні.

Многія яго вершы носяць заклікальны характар. Гэта своеасаблівыя гімны змаганню за волю Беларусі, вершы-маршы з рытмічна-песеннай асновай, верішы-мроі і летуценні, вершы-успаміны, звароты да землякоў на Беларусі і па свайму востраму напалу адпавядаюць сённяшняму яе становішчу, заклікаюць не апускаць рук у барацьбе за незалежнасць Бацькаўшчыны. Пісаў Сяргей Ясень і вершы-прысвячэнні /“Заміж Вянка”. На магілу Міколы Равенскага, “Санэт” — Максіму Багдановічу/. Філасофская лірыка — гэта найперш роздум над уласным лёсам, хуткаплыннасцю жыцця:

“Дні лятуць, як спуджаныя коні
Ды хіба не толькі для мяне
I няўжо за імі ў пагоні
І гады, і ўсё жыццё міне...”

Цудоўныя вершы пра каханне створаныя ў класічных формах: санета, трыялета, раманса: “Сарві ружу”, “Памятаеш спатканне апошняе”, “Бязмежны акіян”, “Каханая не плач па шчасці”, “Ты для мяне была як Снца”, “Цябе кахаю над усё на свеце”. Паэма “Недажаты загон” — пра трагічны лёс беларускага сялянства, калгасы, раскулачванне.
“У кайданах стагнаў народ
Гарэла Беларусь-шыпшына....”.

З нязменнай цікавасцю чытаюцца яго літаратуразнаўчыя і крытычныя працы пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў: “Браты Луцкевічы і мы”, “Язэп Лёсік”, “Спадчына бацькоў”, “Забаронена любіць Беларусь”, “Вянок” М.Багдановіча”, “Вехі беларускай літаратуры”, “Тарас Шаўчэнка і Беларусь”, “Якой была смерць Я.Купалы”, “Дарогі”, “Ле Монд”, “Паэты і тэорыя пра аднамоўе”, “Кастусь Каліноўскі”, “Пра рэалізм Талстога і сацрэалізм Шамякіна”, “Юбілей Наталлі Арсенневай”, “Скарына і наш час”, “Гальяш Леўчык”, “Ларыса Геніюш”, “Пра “Пекла” Сяргея Грахоўскага”, “Вацлаў Ластоўскі”, “Мёртвым не баліць”, “Вечар Рыгора Барадуліна”, “Пра вершы Пушкіна і Купалы”.

А колькі грунтоўных дакладаў і выступленняў Янкі Запрудніка мы пачулі пад час яго прыездаў на Беларусь для ўдзелу ў 3’ездах беларусаў свету і з’ездах беларусістаў, на розных навуковых канферэнцыях. Дасведчаныя прамовы гэтага еўрапейскі адукаванага вучонага ўспрымаліся як новае слова ў беларускай адраджэнскай гістарыяграфіі. Ён добра ведае мінулае і сучаснае Бацькаўшчыны яшчэ і таму, што ў яго хатняй бібліятэцы была сабрана амаль уся беларуская літаратура, кнігі па гісторыі, палітыцы, мастацкія творы, гадавікі беларускіх часопісаў, якія выпісваліся з Мінску.

Мне давялося пабываць у яго прыгожым доме пад Нью-Йоркам і пабачыць усё гэта на ўласныя вочы, пакарыстацца гасціннасцю спадара Янкі, як карысталіся многія беларусы з Бацькаўшчыны, якімі ён апекаваўся, вазіў па беларускіх асяродках Амерыкі. Ён жыў беларускімі справамі, дапамагаў беларусам і Беларусі, чым толькі мог, рабіў і робіць усё, каб яна стала незалежнай, паўнацэннай і годнай часткай дэмакратычнай міжнароднай супольнасці. І так станецца, мінецца змрочны час, бо даўно вядома — розныя валадары, дыктатары адыходзяць у нябыт, а народ, яго сапраўдныя героі, таленты назаўсёды застаюцца ў гісторыі.

Ліда Савік
‹‹ на галоўную | у архіў