Сакрату Яновічу – 70 гадоў

4 верасня споўнілся 70 год вядомаму беларускаму пісьменніку з Беласточчыны Сакрату Яновічу.

Сакрат Яновіч (псеўд. Аляксандр Анташэвіч, Адоль Кастрыца, Колька Сплюх, К. Янкоўскі, Кастусь Янкоўскі, крыпт. С.Я.,). Нарадзіўся пісьменнік 4 верасня 1936 года, у мястэчку Крынкі Беластоцкага ваяводства, што ў Польшчы. Вядомы як беларускі і польскі празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1970 г. Ганаровы сябра Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі і Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Нарадзіўся Сакрат Яновіч у сям’і шаўца, Канстанціна Яновіча, які меў таксама сваю гаспадарку. У школе спрабаваць пісаць вершы па-польску і па-руску. У 1950 г. адправіўся з Крыпак у “вялікі горад Беласток”, дзе скончыў электратэхнікум (1955) і затым (завочна) аддзяленне беларускай філалогіі Настаўніцкага інстытута (1962). Працаваў журналістам у штотыднёвіку “Ніва”, кіраваў аддзелам галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. У 1973 г. завочна скончыў факультэт польскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Пратэстуючы супраць бюракратызацыі ўлады, быў вымушаны пайсці на “чорную работу” — працаваў кладаўшчыком, тэхнікам бяспекі працы, што ўзбагаціла яго жыццёвымі назіраннямі. Быў старшынёй Клуба Саюза польскіх пісьменнікаў у Беластоку (1976-1981). У апошнія гады ўсё больш займаецца палітычнай дзейнасцю, змагаецца за роўныя правы беларусаў Беласточчыны з палякамі. Адзін з заснавальнікаў Беларускага незалежнага выдавецтва (1981-1987). Старшыня партыі “Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне” (з 1990). Жыве ў мястэчку Крынкі. Яго дом (т. зв. Villa Sokrates) стаў беларускім культурным асяродкам. Тут атрымала бясплатна памяшканне рэдакцыя штомесячніка “Czasopis”.

Як празаік Сакрат Яновіч дэбютаваў у 1956 г. на старонках беларускага штотыднёвіка “Ніва”. Аўтар зборніка апавяданняў і мініяцюр “Загоны” (Беласток, 1969), аповесці пра К. Каліноўскага “Сярэбраны яздок” (Мн., 1978), кніг “Думкі пра аўтаномію” (Беласток, 1981), “Праваслаўная царква ў Беластоцкім краі і беларуская мова ў ім” (Нью-Йорк, 1984) “Самасей” (Мн., 1992), “Доўгая сьмерць Крынак” (Беласток; Бельск, 1993), “Лістоўе — лістове” (Беласток, 1995), “Сцяна”, (Мн., 1997) і інш. У перакладзе на польскую мову выйшлі яго кнігі прозы “Вялікі горад Беласток” (Варшава, 1973), “Забыцці” (Вроцлаў, 1978), “Сцяна” (Ольштын, 1979), “Самасей” (Варшава, 1981), “Малыя дні” (Варшава, 1981), “Сярэбраны яздок” (Варшава, 1984), “Трэцяя пара” (Беласток, 1985), а таксама эсэ “Беларусь, Беларусь” (Варшава, 1987; Беласток, 1993), якое выклікала вялікую палеміку, прыцягнула ўвагу да патрэб беларусаў у Польшчы. Проза Яновіча вызначаецца філасафічнасцю, глыбокім псіхалагізмам. Пісьменнік адным з першых паказаў у Польшчы адчужэнне ўлады ад народа (“Сцяна”), духоўную трагедыю ўчарашняга вяскоўца ў горадзе (“Самасей”), у сувязі з чым у аўтара былі цяжкасці з друкаваннем — як на Беласточчыне, так і ў БССР. Напісаў некалькі драматычных твораў, якія выйшлі асобнымі выданнямі (“Зборнік сцэнічных твораў”, “Не пашанцавала”). Пераклаў на польскую мову “Вітражы” Я. Брыля, п’есу Я. Шабана “Шрамы” (для Драматычнага тэатра імя А. Вянгеркі ў Беластоку). Аўтар літаратуразнаўчых прац і крытычных артыкулаў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў, якія жывуць у Польшчы і гуртуюцца ў “Белавежы”, эсэ пра польска-беларускія сувязі. Мініяцюры-імпрэсіі Сакрата Яновіча выйшлі асобнымі выданнямі ў Лондане — у арыгінале і перакладзе Ш. Акінэр на англійскую мову, у Венецыі — у перакладзе на італьянскую і англійскую мовы. Паводле слоў пісьменніка, рукапісы яго твораў знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, БДАМЛіМ і музеях у Мінску, бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане, бібліятэцы “Асалінэум” у Вроцлаве, Акруговым музеі ў Беластоку і інш.

Узнагароджаны Афіцэрскім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы і іншымі ўзнагародамі. Лаўрэат прэстыжнай польскай узнагароды імя Анджэя Дравіча.

У свой дзень нараджэння спадар Яновіч даў інтэрв’ю радыё “Свабода”:

— Абудзілі мяне сёння з ранку віншавальныя тэлефанаванні – ня мог нават паснедаць. Дык урэшце ўзяў у левую руку тэлефонную слухаўку, а ў правую – лыжку, так і снедаў.

На традыцыйнае пытанне пра творчыя планы пісьменнік распавёў, што займацца зараз выданнем чарговага нумару “Году Беларускага” – “Annus Albaruthenicus”, шматмоўнага выдання, прысвечанага беларускай літаратуры, але прызначанага перадусім менавіта тым, хто цікавіцца беларускай літаратурай за мяжой.

— Творчы план у мяне адзін – напісаць добрае апавяданне. Як напішу адно, дык хочацца яшчэ адно, а як яшчэ адно, дык і наступнае хочацца напісаць. Вось так яно і ідзе. Але цяпер я галоўным чынам засяроджаны на выданне восьмага нумару “Году Беларускага”. Гэты праект мне прыйшоў у галаву ў 2000 годзе. Думаю, калі яны мяне там паўсюль выдаюць ды перакладаюць, дык скарыстаюся я з гэтага дзеля таго, каб увесці ў свядомасць літаратурнай Еўропы існаванне беларускай літаратуры”.

Паводле autary.iig.pl
І радыё “Свабода” svaboda.org
‹‹ на галоўную | у архіў