Адбылася 27-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі
У суботу, 2 верасня 2006 года у ЗША, у Нью-Брансвіку была распачата 27-ая сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. Першая сустрэча амерыканскіх і канадскіх беларусаў адбылася у 1952 годзе ў мястэчку Ніагара-фолс. З таго часу праводзіць сустрэчы кожныя два гады зрабілася традыцыяй – яны адбываюцца, па чарзе, ці ў Канадзе, ці ў ЗША.
Пра сёлетнюю сустрэчу пад час адкрыцця карэспандэнту радыё “Свабоды” распавёў кіраўнік Нью-Йоркскай управы Беларуска-Амерыканскага задзіночання Віталь Зайка:
— Гэта сустрэча сёлета мае лозунг “У абарону дэмакратыі ў Беларусі”. 2-га верасня адбудзецца сімпозіум, у якім будзе тры дыскусійныя групы. Першая прысвечаная ўшанаванню ахвяраў лукашэнкаўскага рэжыму, кіраўнік — Ірына Красоўская — жонка зніклага Анатоля Красоўская. Другая дыскусійная група будзе абмяркоўваць ролю беларусаў Паўночнай Амерыкі ў дапамозе дэмакратыі ў Беларусі. Трэцяя секцыя прысвечана аналізу прэзідэнцкіх выбараў 2006 г., на ёй будуць разгледжаны шанцы апазіцыі на змену вынікаў гэтых выбараў. У працы возьмуць удзел і выступяць з прамовамі кангрэсмен Фрэнк Палоне, былы амбасадар у Беларусі Джордж Крол, старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, дырэктар нью-йоркскага Інстытуту навукі і мастацтва Вітаўт Кіпель, старшыня Беларускага народнага фронту Зянон Пазняк”.
Паводле радыё “Свабода”
svaboda.org
|