Кніга Сяргея Навумчыка
“Сем гадоў Адраджэння. Фрагменты найноўшай
беларускай гісторыі (1988-1995)”
Кніга Сяргея Навумчыка пра нядаўняе Беларускае Адраджэнне, якое вярнула незалежнасць Беларусі, выйшла з друку ў ліпні гэтага года накладам ўсяго адна тысяча асобнікаў. Кніга павінна была з’явіцца даўно, але па розных прычынах выданне яе затрымлівалася, пакуль непрыяцелі беларушчыны, супраць якіх мы змагаліся за незалежнасць Бацькаўшчыны, стваралі сваю літаратуру фальшывых падзеяў, пэцкаючы Беларускае Адраджэнне і здабыткі нацыянальнай рэвалюцыі.
У кнізе Сяргея Навумчыка адлюстравана наша рацыя, наша беларуская праўда і наша змаганне. Напісана яна фрагментарна. Месцамі аўтар падрабязна перадае напружаную атмасферу таго часу, прасторна апісаны галоўныя карціны падзей, калі нешматлікай дэпутацкай Апазіцыі Беларускага Народнага Фронту даводзілася, гаворачы ваеннай тэрміналогіяй, змагацца за кожны куст і за кожны дом, калі ўсё вісела на валаску, і ўсё ўдалося, сталася дзень у дзень, хвіліна ў хвіліну і мы не спазніліся, паспелі на апошні цягнік. Мы ўдзячны Богу, што злітаваўся Ён тады над Беларуссю.
Праца Сяргея Навумчыка цікавая не толькі выразнымі апісаннямі падзеяў, трапнымі характарыстыкамі асобаў, дакладнымі высновамі, але таксама адэкватным беларускім бачаннем працэсаў, адраджэнскай канцэптуальнасцю ацэнак, якія вынікаюць з галоўнай сутнасці адвечнага змагання з Усходам – быць ці не быць Беларусі.
З гэтых пазіцый нацыянальнага існавання, барацьбы і адраджэння аўтар дакладна ацэньвае не толькі падзеі і працэсы нядаўняга часу, але і аб’ектыўныя ролі асобаў, якія прымалі ўдзел у дзяржаўным кіраванні і палітычных канфліктах. Яны паказаны з розных бакоў (плюсы і мінусы) і цалкам аб’ектыўна, што тычыцца іх дачыненняў перад людзьмі і Айчынай.
Сяргей Навумчык канстатуе, што палітычны працэс Беларускага нацыянальнага Адраджэння прыпынены з прычыны захопу ўлады ў Беларусі прамаскоўскімі сіламі. Аналізуючы становішча і перспектывы развіцця Беларусі, аўтар трывожыцца за лёс Бацькаўшчыны, якая апынулася нібы закладніцай уласнага лёсу. Ён піша пра гэта. Але ёсць канкрэтныя прычыны, ад якіх залежыць яе лёс і шлях да перамогі. Чытанне кнігі Сяргея Навумчыка, дапаможа беларусам убачыць хутчэй гэты шлях і лепей яго распазнаць.
Зянон Пазняк, Варшава
Сяргей Навумчык. “Сем гадоў Адраджэньня
Фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)” + фота navumchyk
Выданне: “Беларускія ведамасьці”, Варшава
“Clovek v tisni”, Прага, 2006 г. – 140 стар.: іл.
Паводле unija.info
|