У ЗША дзейнічае Цэнтр беларускіх даследаванняў

У жніўні 2006 г. у Злучаных Штатах Амерыкі распачаў сваю дзейнасць Цэнтр беларускіх даследаванняў. Статутныя дакументы аб утварэнні такога Цэнтру былі падпісаныя 11 ліпеня 2006 г. віцэ-прэзідэнтам Саўтвестэрн-каледжу Эндры Шэпардам (г.Вінфілд, Канзас) і былым амбасадарам ЗША у Беларусі Дэйвідам Суорцам. Афіцыйная цырымонія адкрыцця Цэнтру запланаваная на лістапад бягучага году.

Стварэнне Цэнтру беларускіх даследаванняў – гэта супольная ініцыятыва Саўтвестэрн-каледжу і Фундацыі Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэту, якую дзесяць год таму заснаваў і прэзідэнтам якой з’яўляецца выпускнік Саўтвестэрн-каледжу Амбасадар Суорц. Мэтай Фундацыі была падтрымка ЕГУ, пакуль універсітэт не быў зачынены беларускімі ўладамі ў 2004 г. Зараз Фундацыя ЕГУ спыняе сваё існаванне і перадае сваю маёмасць новаўтворанаму Цэнтру беларускіх даследаванняў.

Як паведаміў радыё Свабода Амбасадар Суорц, асноўнай задачай Цэнтру будзе адраджэнне беларускай нацыі праз вышэйшую адукацыю. Плануецца, што Цэнтр стане вядучым асяродкам беларускіх даследаванняў у ЗША, дзе будуць збірацца даследчыкі, студэнты, прадстаўнікі беларускай дыяспары, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, універсітэтаў, бібліятэк, урадаў і ўсе тыя, хто адданы справе пабудовы дэмакратычнай Беларусі. Цэнтр будзе падтрымліваць навуковыя даследаванні і іншую дзейнасць на карысць Беларусі.

Цэнтр будзе запрашаць даследчыкаў і студэнтаў з Беларусі і іншых краінаў наведаць Саўтвестэрн-коледж, дзе ў іх будзе магчымасць весці навуковыя даследаванні, выступаць з лекцыямі і сустракацца з мясцовымі грамадскімі арганізацыямі. Ужо ў гэтым месяцы Цэнтр прыме першага даследчыка з Беларусі, які правядзе ў Саўтвестэрн-каледжы цэлы акадэмічны год. Беларускія студэнты атрымаюць магчымасць праходзіць акадэмічныя стажыроўкі на базе каледжа. Цэнтр будзе садзейнічаць пашырэнню ведаў пра Беларусь праз публікацыю навуковых прац у друкарні каледжа. Таксама плануецца, што Цэнтр распрацуе і прапануе амерыканскім студэнтам шэраг акадэмічных курсаў, прысвечаных Беларусі.

Па словах Амбасадара Суорца, Цэнтр зацікаўлены ў супрацоўніцтве з арганізацыямі і асобамі з Беларусі, а таксама беларусамі, якія жывуць за мяжой. Так, напрыклад, ужо адбылася сустрэча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў ЗША, якія падтрымалі ідэю стварэння Цэнтру. Вітаўт Кіпель у інтэрв’ю радыё “Свабода” адзначыў, што дыяспара, у прыватнасці, дапаможа Цэнтру ў стварэнні беларускай бібліятэкі.

svaboda.org
‹‹ на галоўную | у архіў