Навейшыя публікацыі

Жыццё. Спадчына: гістарычны нарыс

Сяргей Габрусевіч і Святлана Марозава — гарадзенскія даследчыкі, склаўшыя кнігу прысвечаную асобе прафесара Віленскага універсітэта Ігнату Анацэвічу. Ён быў адным з прадстаўнікоў гэтак званай “віленскай гістарычнай школы” першай паловы 19 ст., якая моцна спрычынілася да станаўлення беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Ігнат Анацэвіч быў першым беларускім даследчыкам гісторыі ВКЛ, знаўцам крыніц па беларускім і літоўскім сярэднявеччы, спецыялістам па археаграфіі.

Галоўны герой кнігі — гэта знакавая постаць беларускай навукі і культуры першай паловы 19 ст. Між тым на Радзіме да нядаўняга часу яму былі прысвечаныя толькі кароткія біяграфічныя нарысы даведкава-энцыклапедычнага характару. Кніга Сяргея Габрусевіча і Святланы Марозавай у вялікай ступені запоўніла гэтую пустку. На падставе шырокага кола крыніц прааналізавана жыццё і дзейнасць чалавека, якога можна лічыць адным з пачынальнікаў беларускай гістарыяграфіі.

Апроч аўтарскага тэксту ўвагу чытача, безумоўна, павінны прыцягнуць выбраныя творы Ігната Анацэвіча, сярод якіх “Заўвагі да ўсеагульнай гісторыі”, “Уступ да працы Яна Альбертрандзі Праўленне Генрыха Валуа і Стэфана Баторыя, каралёў польскіх” ды інш. Таксама варта звярнуць увагу на бібліяграфію прац славутага віленскага прафесара.
Алесь Смалянчук
mab.org.by

Аляксандр Надсан “Pro patria aliena. Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924-1938)”

Бібліятэка часопіса “Беларускі гістарычны агляд” папоўнілася кнігай Аляксандра Надсана, прысвечанай кляштару беларускіх айцоў марыянаў у Друі у міжваенны час. У назве кнігі (у перакладзе на беларускую мову “Для чужой Бацькаўшчыны”) адлюстраваўся трагічны лёс друйскіх марыянаў, якія мужна баранілі свае нацыянальныя і рэлігійныя правы ва ўмовах Польшчы, дзе словы “паляк” і “каталік” многімі ўспрымаліся як сінонімы.

Як пазначыў ва Уступе сам аўтар, у кнізе “робіцца спроба прасачыць гісторыю Друйскага кляштару марыянаў ад ягонага заснавання да 1938 г. на фоне тагачаснай палітычнай і рэлігійнай сітуацыі ў Заходняй Беларусі, а таксама ватыканскай ostpolitik, што выяўлялася ў дзейнасці Папскай камісіі Pro Russia” (с. 6). Як і ранейшыя працы айца А.Надсана, яна напісана на падставе шматлікіх і пераважна раней невядомых архіўных дакументаў, частка якіх знаходзіцца ў фондах Бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане. Большасць гэтых дакументаў паходзіць са збораў біскупа Чэслава Сіповіча.

Алесь Смалянчук
mab.org.by
‹‹ на галоўную | у архіў