Вынікі конкурсу маладых літаратараў
Беларускі ПЭН-цэнтр і газета “Наша ніва” падвялі вынікі конкурсу маладых літаратараў, прысвечанага стогадоваму юбілею “НН”. У снежні ў Мінску пройдуць майстр-класы для фіналістаў. Іх творы будуць выдадзеныя асобнай кнігай.
Усяго на разгляд журы даслалі творы 80 аўтараў. Журы вызначыла 22 фіналісты. Гэта Яраслава Ананка, Юлія Арцёмава, Ірына Барысевіч, Валянцін Бойка, Кірыл Дуброўскі, Сяргей Карбановіч, Алесь Кудрыцкі, Настасся Манцэвіч, Сяржук Мядзведзеў, Андрэй Пакроўскі, літ-дуэт Сяржук Пістончык і Уласік Смаркач, Віталь Рыжкоў, Аляксей Сарока, Ганна Серахан, Сяржук Семянюк, Наталка Харытанюк, Юлія Шадзько, Віктар Іваноў, Юлія Яфімовіч.
Адметнасць сёлетніх нашаніўскіх канкурсантаў у тым, што гэта пераважна не філалагічная паводле адукацыі моладзь. Да прыкладу, дваццаціаднагадовы Сяржук Мядзведзеў вучыцца ў Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на праграміста, але гэта не перашкаджае яму пісаць эсэ і вершы. Вось адзін з дасланых на конкурс.
Твой пакой
і ўвечары і зранку
напаўняе спакой,
як пустую бляшанку
калісьці з ікрой,
і сонца на ганку
расціснеш нагой
яшчэ на світанку.
Перамога ў нашаніўскім конкурсе дадала Сяржуку Мядзведзеву сякіх-такіх амбіцыяў: “Нобелеўскай прэміі мне ніхто не дасць, але маю амбіцыі, каб проста гэтага не кідаць”.
Дваццацітрохгадовая выпускніца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту Наста Манцэвіч і раней дасылала свае празаічныя карацелькі і вершы на нашаніўскія конкурсы, таму сёлетняя ацэнка журы яе твораў асабліва парадавала і нарадзіла ўпэўненасць у паспяховай літаратурнай будучыні: “Я хацела перамагчы, і гэта натхніла мяне – такая ацэнка творчасці, думаю, важная”.
Дасланыя творы канкурсантаў парадавалі і арганізатараў конкурсу, прысвечанага стагоддзю “Нашай Нівы”, нягледзячы на тое, што падвядзенне ягоных вынікаў збеглася па часе з драматычнымі падзеямі пазбаўлення пісьменнікаў Дому літаратара. Вось як сфармуляваў свае ўражанні ад знаёмства з новай літаратурнай хваляй адзін з сяброў журы Уладзімір Арлоў: “Творы канкурсантаў сведчаць, што ў беларускай літаратуры адбываецца змена пакаленняў і прыходзяць новыя, зусім маладыя адукаваныя, таленавітыя паэты, празаікі, эсэісты. Можна пазбавіць пісьменнікаў Дому літаратара, можна ліквідаваць Саюз пісьменнікаў, але конкурс, прысвечаны стагоддзю “Нашай Нівы”, сведчыць, што нельга ліквідаваць беларускую літаратуру”.
Паводле радыё “Свабода”
svaboda.org
|