Занепакоенасць іміджам

Як стала вядома карэспандэнтам “Беларускага партызана”, адміністрацыя беларускага прэзідэнта даручыла Міністэрству замежных спраў распрацаваць праграму ўплыву на грамадскую думка Еўрапейскага саюза з мэтай паляпшэння іміджу Аляксандра Лукашэнкі. На гэта ўжо выдаткавалі неабходныя фінансавыя рэсурсы.

Беларускія ўлады нанялі для рэабілітацыі беларускага прэзідэнта нейкую фірму, якая спецыялізуецца на правядзенні піяр-акцый. Прынамсі, да двух найбуйнейшых нямецкіх тэлеканалаў ужо звярнуліся пасрэднікі, таксама, дарэчы, немцы, з прапановай арганізаваць тэлевізійнае інтэрв’ю з прэзідэнтам Беларусі. Журналістам абяцана, што ў самы бліжэйшы час, як толькі яны захочуць, Аляксандр Лукашэнка дасць інтэрв’ю. Абумоўліваецца і час запісу — цэлая гадзіна. Таксама пасрэднікі прапаноўваюць арганізаваць паездкі журналістаў па краіне і дапамогу ў падрыхтоўцы якіхсьці рэпартажаў.

Цалкам магчыма, што з падобнымі прапановамі звярнуліся і да сродкаў масавай інфармацыі ў іншых еўрапейскіх дзяржавах. Нямеччына магла быць вылучаная як стартавая краіна новага беларускага прапагандысцкага праекту, паколькі немцы — слабае звяно ў адносінах Еўропы і Лукашэнкі. Нямеччына рухаецца ў фарватэры расійскай палітыкі ў гэтым рэгіёне і не мае намер актыўна ўмешвацца ў беларускае пытанне, аддаючы яго на водкуп Маскве. Напрыклад, усім вядома, што Францыя катэгарычна не прымае Лукашэнку, а Жак Шырак проста не пераварвае яго на дух, і спрабаваць праводзіць там піяр-кампаніі бессэнсоўна.

Гэта не першая спроба Лукашэнкі паўплываць на дачыненні Еўропы. Аднак раней гэтыя спробы насілі разавы і даволі нязграбны характар. Успомнім, напрыклад, яго інтэрв’ю нямецкай газеце “Хандельсблат”, у якім беларускі прэзідэнт хваліў палітыку Гітлера.

Значна больш часу, грошай і ўвагі беларускія ўлады надавалі расійскім СМІ. Кожны год у Беларусь прыязджае 5-6 вялікіх груп журналістаў з рэгіёнаў Расіі. На тэрыторыі Расійскай Федэрацыі без усякай ліцэнзіі вяшчае спадарожнікавы канал “Беларусь сёння”, яго рэтранслююць мясцовыя расійскія кабельныя сеткі. Нарэшце, Лукашэнка актыўна задзейнічае для прапаганды сваіх ідэй газету і тэлерадыёкампанію Саюзнай дзяржавы.

Аднак беларускі прэзідэнт, мабыць, занепакоены пазіцыяй Масквы, да канца не верыць у свой поспех на расійскім палітычным полі і рыхтуе сабе прастору для палітычнага манеўру на Захадзе.

belaruspartisan.org
‹‹ на галоўную | у архіў