Цяпер працаваць на польскай ферме будзе прасцей
Міністр працы і грамадскай палітыкі Польшчы Ганна Калята падпісала распараджэнне, паводле якога грамадзяне Беларусі, а таксама Украіны, Расіі і Германіі атрымаюць права працаваць у Польшчы цягам трох месяцаў раз на паўгода без атрымання дазволу на працу.
Паводле міністра, гэта зроблена дзеля таго, каб запоўніць недахоп людзей у некаторых галінах гаспадаркі, дзе не жадаюць працаваць польскія беспрацоўныя. Напрыклад, сельская гаспадарка.
“Цяпер у гэтым сектары шмат замежнікаў працуюць нелегальна, бо за дазвол на легальную працу трэба было плаціць 900 злотых (каля 300 даляраў) і гэта было перашкодай”, — заявіла Ганна Калята.
Працаваць без дазволу змогуць таксама замежнікі – выпускнікі польскіх медычных школ, якія праходзяць практыку пасля атрымання дыплому, настаўнікі замежных моў, калі мова, якую яны выкладаюць з’яўляецца іх роднай, сталыя карэспандэнты замежных медыяў, а таксама замежнікі з краінаў, што не ўваходзяць у Еўрасаюз, калі яны часова накіраваныя сваімі працадаўцамі для выканання акрэсленай працы ці паслугаў.
Распараджэнне распаўсюджваецца таксама на студэнтаў дзённай формы навучання на час вакацыяў і замежнікаў, якія працуюць у навукова-даследчых установах.
Новыя правілы пачынаюць дзейнічаць з дня публікацыі ў Дзённіку законаў, а гэта адбудзецца 1 верасня.
Паводле радыё “Свабода”
svaboda.org
|