Англійска-беларускі слоўнік на аснове “тарашкевіцы”
У Мінску выйшаў з друку англійска-беларускі слоўнік — вынік шматгадовай працы Валянціны Пашкевіч і групы супрацоўнікаў Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў ЗША і Канадзе. У ім змешчана каля 30 тысяч артыкулаў. У беларускай частцы слоўніка скарыстана “тарашкевіца”, а ў ангельскай – больш пашыраны ў свеце амерыканскі варыянт ангельскай мовы.
Ужо пры канцы гэтага тыдня англійска-беларускі слоўнік трапіць у кнігарні Мінска. Кніга з’явілася на свет у выніку шматгадовай працы дзесяткаў людзей. Распавядае рэдактар выдання, супрацоўнік Радыё “Свабода” перакладчык і журналіст Сяргей Шупа:
— Ад нараджэння самой ідэі і да цяперашняга дня прайшло амаль паўстагоддзя. Недзе яшчэ ў 50-я гады беларуская педагог і філолаг Валянціна Пашкевіч, якая жыла ў Канадзе, пачала думаць пра стварэнне англійска-беларускага слоўніка і збіраць да яго матэрыялы. Яна назбірала вялікую картатэку, але ў яе не было ані сілы, ані магчымасці выкарыстоўваць нейкія новыя тэхналогіі ў падрыхтоўцы слоўніка, і таму яна перадала сваю багатую картатэку ў Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Далей гэтую працу пачалі рабіць там. Найперш яна лягла на плечы Зоры і Вітаўта Кіпеляў, якія апрацоўвалі карткі і перасылалі далей Юрку Станкевічу, які зрабіў першы камп’ютарны набор”.
У чым выявілася адметнасць і складанасць рэдактарскай працы над слоўнікам?
— Беларускі інстытут навукі і мастацтва і філалагічныя, інтэлектуальныя кадры беларускай эміграцыі сабралі рэдакцыйны калектыў, які падзяліў паміж сабой паасобныя літары, і пачалі рэдагаваць гэтую картатэку. Калі зрабілі такую першую апрацоўчую працу, то ўбачылі, што і там выявіўся разнабой. А гэта значыла, што патрэбна нейкая агульная рэдакцыя, бо, на жаль, ніхто з супрацоўнікаў рэдактарскага калектыву не меў сістэматычнай лінгвістычнай адукацыі, лексікаграфічнай падрыхтоўкі. І яны звярнуліся па знешнюю дапамогу. Мая праца заняла амаль дзевяць гадоў. Рэч у тым, што я ніколі не мог гэтым займацца як сваёй асноўнай працай, і таму даводзілася рабіць гэта толькі тады, калі дазваляла іншая праца.
Англійска-беларускі слоўнік выйшаў у Мінску накладам 2 тысячы асобнікаў. Выдавец Зміцер Колас упэўнены ў запатрабаванасці гэтай працы і не выключае перавыдання слоўніка блізкім часам.
Па яго словах, “слоўнік – гэта тое, што выдаецца і перавыдаецца раз на год, два, тры. Ён павінен заўсёды перапрацоўвацца, абагачацца, пашырацца. Гэта першая цагліна ў вялікім муры білінгвістычных слоўнікаў з беларускай мовай як адной з частак, якія будуць выдавацца… З гэтай цагліны ўзвядзем мы нашу царкву”.
Даведка: Англійска-беларускі слоўнік быў створаны за кошт фінансавання Пётры Крэчэўскага, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, Лонданскага Беларускага Харытатыўнага фонду, Беларускага каардынацыйнага камітэту Канады, грамадскай падпіскі і ахвяраванняў.
Паводле радыё “Свабода”
svaboda.org

|