G8 паставіла кропку над беларускім “і”
Мінулая сустрэча лідэраў краін вялікай васьмёркі адказала на ўсе “беларускія пытанні” і растлумачыла шматлікія падзеі ў палітычным жыцці Беларусі, пачынаючы яшчэ з Кангрэса дэмакратычных сіл, а дакладней з папярэдняга саміту лідэраў G8 у шатландскім Гленіглсе (Вялікабрытанія, 6-8 ліпеня 2005 года), на якім і было прынята рашэнне правесці чарговую сустрэчу ў Расіі.
Менавіта рашэнне правесці чарговую сустрэчу ў Расійскай Федэрацыі шмат у чым паўплывала на тое, як развіваліся падзеі ў Беларусі апошні год. Сустрэча міністраў замежных спраў краін G8 у Маскве 27 чэрвеня фактычна пацвердзіла гэтую версію, а сам саміт у Санкт-Пецярбургу канчаткова расставіў усе кропкі над беларускім “I”.
Большасць запярэчыць, што, нягледзячы на ўсе абяцанні палітыкаў Еўрасаюза і ЗША, “беларускае пытанне” не абмяркоўвалася падчас саміту, а слова “Беларусь” не прагучала нават у кулуарах. Так, у ЗША службоўцы Дзярждэпартамента пацвердзілі Анатолю Лябедзьку, што тэма абавязкова будзе абмяркоўвацца з прэзідэнтам Расіі. А Аляксандр Мілінкевіч чуў такія запэўніванні ад кіраўнікоў дзяржаў ЕС.
Варта прызнаць, што Еўропа і ЗША выканалі свае абяцанні, якія з лёгкасцю далі беларускім апазіцыянерам. Беларускае пытанне абмяркоўвалася (і яшчэ як!) на працягу шматлікіх месяцаў як частка пытання глабальнай энергетычнай бяспекі. Вось яно – месца сённяшняй Беларусі ў сучаснай геапалітыцы — кавалак зямлі, які забяспечвае энергетычную бяспеку Заходняй Еўропы і паспяховага расійскага газавага бізнесу.
Японскаму прэм’еру Коідзумі можна адважна ўручаць той жа медаль, што нядаўна ўручылі прэзідэнту ААТ “Русснефть” Міхаілу Гуцэрыеву — “10 год са дня яднання народаў Беларусі і Расіі”. За што? За тое, што нічога не абяцаў беларускай апазіцыі і проста маўчаў, не перашкаджаючы Расіі і Еўрасаюзу пад кіраўніцтвам ЗША будаваць хмарачос пад назвай “Глабальная энергетычная бяспека сучасных транснацыянальных кампаній”.
Расія разумела ўсю “прыгажосць” пытання — прыняць у сябе саміт. І год таму з зайздроснай зацятасцю зрушылася да запаветнай мэты. Расія вельмі старалася, і карцінка атрымалася да млоснасці правільнай. Але, вядома ж, не без асобных нібы заганаў, якія былі прадугледжаныя загадзя, як, напрыклад, рознагалоссі Расіі і ЗША па пытанні ўступлення Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА): ЗША нібы не згодны з чымсьці, што на руку Расіі, якую ў СГА не вельмі пакуль і чакаюць, таму што эканоміка краіны не гатовая да сусветных коштаў на энерганосьбіты. Або пазіцыя бакоў па Блізкім Усходзе. Дарэчы – адзіная тэма, якая абмяркоўвалася на сустрэчы. Бо не могуць ЗША і Расія выступіць з аднолькавым меркаваннем па гэтым пытанні. Што будзе далей, калі яны пагодзяцца адзін з адным? З Кітаем дужацца? Гэта ўжо сапраўды ні ЗША, ні Расія сёння не змогуць. Вось таму і ёсць шараванні, прэнні, меркаванні бакоў…
Аднак пасля памаранчавых падзей ва Украіне, на карцінцы з’явілася хай невялікая, але добра бачная кропка пад назвай Беларусь. І Расіі прыйшлося пастарацца, каб беларуская палітычная рэальнасць не “аглушыла” сваім поспехам мажор Санкт-Пецярбурга. І як не дзіўна, у большай ступені ўсё склалася ўдала. Але былі і праколы.
У верасні 2005 года ўсе былі заклапочаныя пытаннем “Чаму раптам беларускія ўлады дазволілі правесці Кангрэс дэмакратычных сіл?” Не, не спалохаліся. Адказ просты — у прыгажосці карцінкі піцерскага саміту: каб японскі прэм’ер раптам не задаў гэтае пытанне ў кулуарах.
“Чаму Лукашэнка вырашыў перанесці выбары?” Адказ — у карцінцы, а не ў кошце на газ з 1 красавіка 2006 года, аб чым так шмат гаварылі. Гэтая дата мінула, а кошты — усё на тым жа ўзроўні Смаленскай вобласці. “Выбары” прайшлі, і за 4 месяцы да пачатку саміту запал скончыўся.
Ды і той факт, як праходзілі самі выбары ў аўтарытарнай дзяржаве, “апошняй дыктатуры Еўропы”, дзе стаць кандыдатамі ў прэзідэнты захацела восем чалавек, уключаючы адсутнага 10 гадоў Зянона Пазняка. І ўсім дазволілі збіраць подпісы. Калі асобныя палітыкі зразумелі, што патрэбнай колькасці подпісаў ім не бачыць як уласных вушэй, яны зняліся на карысць... Казуліна. Хоць, як мы ўсе памятаем, лідэрам дэмакратычных сіл на Кангрэсе быў абраны Аляксандр Мілінкевіч, а Аляксандра Казуліна называлі стаўленікам адміністрацыі Лукашэнкі.
У выніку – усіх пакінутых 4-х прэтэндэнтаў, уключаючы Лукашэнку з 3-м тэрмінам, зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты. І дазволілі ездзіць па Беларусі, устаўляючы палкі ў колы ў выглядзе пагроз і намёкаў з боку ЦВК і праваахоўных органаў. Але гэта таксама частка карцінкі: павінны ж быць цяжкасці і падабенства да нейкай барацьбы з рэжымам. І заўважце, нікога не знялі з перадвыбарнай кампаніі: парушэнняў — навалам.
Была яшчэ зачыстка незалежных друкаваных СМІ. На здзіўленне Крамля беларускія ўлады з дзіўнай лёгкасцю зладзіліся з гэтай задачай, “заваліўшы” ў выніку нават такія выданні як “Беларуская дзелавая газета” і “Народная воля”. Але, як звычайна, перабольшылі. Зачысцілі так, што любая навіна імгненна рэхам разносілася па ўсёй Беларусі. Што, уласна, было на руку Маскве, якая заўсёды магла сказаць партнёрам з Захаду: “Так, прутка там, у Беларусі, са СМІ, але ж усе аб усім ведаюць”.
Але потым адбыўся першы рэальны зрыў: кандыдат Казулін выступіў з вядомай прамовай па радыё і ТБ, чым невымоўна ўзрушыў А.Лукашэнку. І прэзідэнт нагадаў Казуліну тыя аксіёмы, якія былы рэктар БДУ не вынес з спраў Лявонава і Марыніча.
Вядома ж, расправа над Казуліным — гэта была “помста” за фразу “Саша, дзе грошы?”. Заўважце, што стаялага побач Лябедзьку ніхто не крануў. А Масква нічога не змагла або не паспела зрабіць. І на карцінцы з’явілася першая чорная плямка.
Затым прыйшоў дзень выбараў. І 19 сакавіка народ выйшаў на пляц, прычым такой колькасцю — упершыню за апошнія 10 гадоў. Дзве адміністрацыі — крамлёўская і мінская — рыхтаваліся да гэтай падзеі: склалі графік дзяжурстваў, прыгатавалі бутэрброды і гарбату, прыйшлі на начное дзяжурства толькі для таго, каб прыкладна апоўначы быць сведкамі, як Мілінкевіч абвясціў, што пара разыходзіцца. Карцінка склалася сам сабой.
Намётавае мястэчка ўпісвалася ў ствараемую выяву “дэмакратычных” выбараў у Беларусі. І Лукашэнку гэта тлумачылі шмат разоў на дзень. Стрымліваць яго было цяжка ўжо з моманту Усебеларускага сходу. Вельмі ўжо яму хацелася парадак навесці ў краіне.
Але потым у кіраўніка дзяржавы здарыліся праблемы са здароўем. І яго васалаў стрымліваць не было каму. Яны здзейснілі другі пракол — сярод ночы напалі на дзяцей, а праз дзень учынілі крывавы разгон мірнай дэманстрацыі. У агульным атрымалі адміністрацыйныя арышты каля 1000 прыхільнікаў перамен. І гэтая самая чорная пляма ў жыццярадаснай карцінцы саміту ў Санкт-Пецярбурзе параўнальная толькі з бойняй у Чачні.
Масква зразумела, што дамовамі і тлумачэннем з непакорлівым Лукашэнкам справіцца цяжка. І перайшла на запасны варыянт — кошт на газ. Гэта быў цяжкі ўдар для беларускіх уладаў, і яны былі змушаныя пакінуць ганенні і рэпрэсіі, пераключыўшыся на рашэнне газавага пытання.
Карцінка саміту, дакладней беларускі квадрацік, працягнула маляваць апазіцыя. Лідэры калясілі па планеце з аповедамі аб апошнім дыктатары, заклікалі да сумлення Пуціна з патрабаваннем спыніць падтрымку беларускага рэжыму, перадавалі ў амбасады петыцыі і звароты з просьбамі і патрабаваннямі падняць беларускае пытанне на саміце вялікай васьмёркі.
Іх выслухоўвалі, петыцыі і звароты перадавалі па інстанцыях. Клеркі пры ўрадах і высокапастаўленыя чыноўнікі завяралі, што “беларускае пытанне” будзе абмяркоўвацца ў Санкт-Пецярбургу.
А тут з’ехалася ў паўночную сталіцу Расіі шмат рознага народу. Апроч самой васьмёркі, туды прыехалі прэм’ер Індыі, кіраўнік Кітая, прэзідэнты Бразіліі, Конга, Мексікі, ПАР, Казахстана, Генеральны сакратар ААН Кофі Анан, Гендырэктар МАГАТЭ Махамед Эль-Барадзей, Гендырэктар ЮНЭСКА Каіціра Муцуўра, выканаўчы дырэктар Міжнароднага энергетычнага агенцтва, Прэзідэнт Сусветнага банка Пол Вулфавіц, генеральны дырэктар СГА Паскаль Ламі і г.д. А вы тут са сваім “беларускім пытаннем”…
А перад падобнымі самітамі, як правіла, усплываюць усялякія набалелыя праблемы кшталту ізраільска-арабскага канфлікту. Лічыце, што ў Расіі не меркавалі пра такое развіццё падзей? Меркавалі. Больш таго, былі ўпэўненыя, што нешта падобнае здарыцца. І не трэба гаварыць пра шанцаванне Лукашэнку. Гэта ўсяго толькі веданне сучаснай гісторыі. Навошта Ізраілю і Сірыі пачынаць ваенны канфлікт у сакавіку? І потым месяцамі прымаць усякіх паслоў? Але пачалі, за тыдзень да саміту G8, і лідэры васьмі найбольш развітых краін свету яму прысвяцілі цэлы дзень. У дзесятку!
Усё атрымалася. Выбары ў Беларусі былі даўно. І да саміту запал скончыўся. Апазіцыя не перанапружылася. Беларускія ўлады амаль не нарабілі памылак — справа Казуліна, тут ужо нічога не паробіш, пачалася яшчэ ў сакавіку. Ізраіль і арабы не падвялі і своечасова пачалі чарговую вайну. Еўропа не ўспомніла не толькі пра Беларусь, але і нават пра Украіну, дзе ўсе шанцы стаць прэм’ерам мае сп.Януковіч. Так, той Януковіч, якога Пуцін у свой час разоў 7 павіншаваў з перамогай на выбарах ва Украіне. Так, менавіта той Януковіч, у якога добра атрымоўваецца перад тэлекамерамі гаварыць удзячнаму пенсіянеру “дзед, пайшоў… зараз, не да цябе”, што было паказана па ўсіх украінскіх і не толькі тэлеканалах.
Прыкладна ў такім жа духу выказаліся і лідэры краін G8 па беларускай праблематыцы — не да Беларусі зараз. Галоўнае — глабальная энергетычная бяспека. А ў кулуарах дадалі, што не бачаць адэкватнага партнёра з беларускага боку.
АФН
|