Гандаль імпартнымі таварамі будзе абмежаваны
Міністэрства гандлю Беларусі склала спіс харчовых ды прамысловых
тавараў, паводле якога плануюцца абмежаванні па імпартных таварах
за кошт пашырэння вытворчасці айчынных аналагаў. Чыноўнікі ведамства
папярэджваюць, што перадусім будзе скарочаны ўвоз з-за мяжы абутку,
бытавых электратавараў, дываноў, посуду, вырабаў з пластмасы.
У Міністэрстве гандлю спасылаюцца на загад кіраўніка ўраду Сяргея
Сідорскага падрыхтаваць спіс “немэтазгоднага імпарту”. Паводле
патрабаванняў, трэба было вызначыць, чым і ў якой колькасці замяніць
замежныя тавары. Апошнім, як удакладняе начальнік управы Мінгандлю
Ніна Пашко, дарогу ў Беларусь закрыюць высокія зборы на мытні:
“Для падтрымкі айчынных вытворцаў цяпер мы сапраўды накіравалі
вялікі пакет прапановаў па асваенні імпартазамяшчальных тавараў.
Каб тое, што завозіцца з-за межаў краіны ці раней у нас не выраблялася,
нашая прамысловасць забяспечвала. Там вялікі спіс”.
Пракаментаваць намеры беларускага ўраду пакінуць пакупнікоў без
выбару тавараў пагадзіўся Генадзь Быкаў. Былы лідэр Свабоднага
прафсаюзу Беларусі зараз узначальвае пярвічную арганізацыю на заводзе
аўтаматычных лініяў у сталіцы. “З наступнага года “дурныя” грошы,
якія паступаюць у Беларусь, будуць вельмі і вельмі меншыя. А затраты
на энергарэсурсы стануць нашмат большыя, — гаворыць спадар Быкаў.
— Таму ўрад імкнецца стварыць перашкоды, каб грошы не выходзілі
за межы Беларусі. Каб куплялі толькі беларускае”.
Паводле радыё “Свабода”
|