Беларусы Іркуцка
Іркуцкае Таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага — актыўная беларуская суполка. Напрыклад, зараз былі створаныя суполкi ў Куйтунскiм i Заларынскiм раёнах, запланавана стварыць аддзяленні ў Усоллі-Сібірскім, Ангарску, Шэлехаве, Зімінскім раёнах, а старшыня ІТБК Алег Рудакоў паехаў у чарговую этнаграфічную вандроўку у Балаганскі раён. Каб даследаваць “новыя” беларускія вёскі дзе яшчэ не быў: Анучынск і Шарагі. Магчыма, у іх будуць таксама заснаваныя новыя беларускія суполкі для культурна-выхаваўчай працы з беларускім насельніцтвам. Прынцып такой працы закладзена ў план развіцця ІТБК на два гады наперад...
Асноўныя напрамкі развіцця Іркуцкага Таварыства Беларускай Кльтуры імя Яна Чэрскага
У Таварыстве ўжо склалася вызначаная сістэма дзейнасці, вылучыліся асноўныя метады працы:
1. Аб’яднанне беларусаў Іркуцкай вобласці.
2. Правядзенне працы па адраджэнні і развіццю Беларускіх нацыянальных абрадаў, традыцый, звычаяў і рамёстваў.
3. Правядзенне мерапрыемстваў, па азнаямленню мясцовых жыхароў са спадчынай беларускага народа.
4. Спрыянне аб’яднанню моладзі, прапагандуючы здаровы лад жыцця, на аснове пераемнасці маладым пакаленнем духоўных і культурных каштоўнасцей Беларускага народа.
Хаця, безумоўна, гэта не мяжа і з прыходам новых актыўных сяброў у арганізацыю праца будзе ўдасканальвацца, будуць развівацца новыя напрамкі дзейнасці
Прымаючы да ўвагі хуткія тэмпы развіцця ІТБК, у сакавіку гэтага года была прынятая праграма таварыства на два гады ўперад. У ёй звяртаецца ўвага на фінансавую самастойнасць арганізацыі. Таксама ў сувязі з павелічэннем аддзяленняў ІТБК звяртаецца ўвага на ўзмацненне працы з імі. Кожнаму аддзяленню аказваюць метадычную і матэрыяльную дапамогу па стварэнні Фальклорных студый і іншых неабходных для працы секцый і кружкоў. Зараз былі створаныя суполкi ў Куйтунскiм i Заларынскiм раёнах, запланавана стварыць аддзяленні ў Усоллі-Сібірскім, Ангарску, Шэлехове, Зімінскім раёнах.
Штогод арганізацыя праводзіць беларускія нацыянальныя абрады (адказны — Е.У.Сіпакова), праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, у тым ліку разам з іншымі арганізацыямі і нацыянальна-культурнымі аб’яднаннямі (адказны — О.З. Баярскава), кожны месяц выпускаецца бюлетэнь-газета ІТБК “Маланка” (адказны — О.У. Рудакоў).
Таксама арганізацыя садзейнічае развіццю ансамбляў ІТБК: ФА “Ленушка”, танцавальнай групы “Пралескі”, народнага хору “Варэнічкі”, ФА “Рушнічок”, “Ветераночка”, “Марусенічкі” і інш. (адказныя — Старшыні аддзяленняў); падтрымлівае маладзёвы клуб “Крывiчы” (адказны — Е.У.Сіпакова) і праводзіць гістарычныя даследаванні па тэме “Беларусы ва Усходняй Сібіры” (адказны — О.У.Рудакоў), арганізоўвае працу Гістарычнага клуба “Спадчына” (адказны — О.А.Галанаў).
Працуе Бібліятэка Беларускай Літаратуры (адказныя — Ф.А.Пярмінава, О.А.Галанава), працуе музей-майстэрня “Беларуская хатка” (адказныя — Е.У.Смпакоў, Н.А.Бакуновіч). “Рэсурсавы навукова-метадычнага Цэнтр па вывучэнню і распаўсюджванню беларускай культуры” выпускае кнігі і метадычныя дапаможнікі (адказны — О.У.Рудакоў).
Ствараецца Дзіцячы Клуб (адказны — О.З.Баярскава). Асноўнай яго мэтай павінна стаць забеспячэнне пераемнасці маладым пакаленнем традыцыйнай культуры нашага народа. Прапаноўваецца пры Клубе стварыць і школу па вывучэнні беларускай мовы, літаратуры, гісторыі, фальклору.
Таксама Таварыствам запланавана выданне новай кнігі беларускіх вершаў Е.А.Агаркавай і арганізацыя этнатурызму ў беларускія вёскі Прыбайкалля.
Гісторыя ІТБК
Іркуцкае Таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК) — рэгіянальная грамадская арганізацыя, якая ўтварылася 31 траўня 1996 года на 1 з’ездзе беларусаў Іркуцкай вобласці. Кіраваннем юстыцыі адміністрацыі Іркуцкай вобласці ИТБК зарэгістравана 30 снежня 1996 года.
На 25 сакавіка 2006 года у Прыбайкалле афіцыйна дзейнічаюць 6 аддзяленняў ІТБК: Чарамхоўскае (Старшыня — Васіль Ракіта), аддзяленне в. Тургеньеўка Баяндаеўскага раёна (Старшыня — Людміла Раманавіч), аддзяленне горада Брацка (Старшыня — Наталля Шаўцова), аддзяленне в. Тарнаполь (Таццяна Дарчы), Іркуцкае гарадское аддзяленне (Алеся Баярскава), аддзяленне в. Чарчэт Тайшэцкага раёна (Старшыня — Наталля Барадзейка). Таксама створаны ініцыятыўныя групы ў Куйтунскім, Заларынскім, Зімінскім раёнах, гарадах: Ангарску, Усоллі-Сібірскім, якія ўжо праводзяць вызначаную працу, паводле статутных мэтаў Таварыства.
Назва “Іркуцкае Таварыства Беларускай Культуры Імя Яна Чэрскага” гаворыць сама за сябе: уся праца арганізацыі скіраваная на адраджэнне і развіццё Беларускай Культуры. А імя Яна Чэрскага узгадвае гісторыю вядомага беларуса-сібірака...
Ян Дамінікавіч, або, як яго звалі сібіракі Ян Дзяменцьевіч Чэрскі нарадзіўся ў маёнтку Сволна Дрысенскага павета Віцебскай губерні (цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці Беларусі) 3 траўня 1845 года ў дваранскай сям’і. Бацька Яна — Дамінік Іванавіч быў дэпутатам Віцебскага дваранскага Сходу. Маці — Ксенія Якаўлеўна паходзіла з старабеларускага дваранскага роду Конан. За ўдзел у паўстанні 1863 года супраць самадзяржаўя 18-летні юнак Ян, студэнт Віленскага Шляхецкага інстытута, які валодае бліскучымі здольнасцямі, дасведчаны 5 моў, быў сасланы з Віцебска ў Омск штрафным рэкрутам. Яго моцны характар, выбітныя дадзеныя, падтрымка землякоў і паплечнікаў дазволілі яму ператварыцца з сціплага студэнта ва ўпэўненага вядомага даследчыка. Узмоцнена займаючыся самаадукацыяй і самастойнымі пошукамі, ён яшчэ ў рэкрутах штрафнога батальёна, дасягае вялікіх поспехаў, высока ацэненых акадэмікам А.Ф.Мідзендорфам. Пасля звальнення з батальёна і забароны паступаць у Казанскі ўніверсітэт, а таксама жыць у Еўрапейскай частцы Расіі, Чэрскі пераязджае ў Іркуцк, дзе нахадзіліся ў ссылцы яго землякі і таварышы. Тут яны пачынаюць захоплена займацца даследаваннямі Байкальскага боку пад эгідай Усходне-Сібірскага аддзела геаграфічнага грамадства. Чэрскі і яго паплечнікі стаялі ў вытокаў адукацыі знакамітага Іркуцкага Краязнаўчага музея. Шмат падарожнічаючы па Іркуцкім краі і складаючы падрабязныя справаздачы, а таксама займаючыся навуковай дзейнасцю, Я. Д. Чэрскі набыў адмысловую павагу. На яго рахунку мноства прац. Але самая выбітная яго праца — геалагічная карта Байкала, з апісаннем узбярэжных раёнаў возера. Яна была прадстаўленая на міжнародным кангрэсе географаў у Венецыі і атрымала там высокую адзнаку. Без прац Яна Чэрскага па вывучэнні Байкала, Усходняй Сібіры ў цэлым, ужо не абыходзіцца не адзін навуковец.
Беларусы, якія жывуць у Іркуцкай вобласці, не маглі не выказаць словы падзякі земляку, для якога, як і для нас, Сібір стала другой Радзімай. Таму, як толькі паўстала ідэя стварэння ў Іркуцку Беларускага Культурнага Таварыства, адразу жа паступіла прапанова прысвоіць яму імя Яна Чэрскага.
На эмблеме ІТБК угары намаляваныя Беларускія нацыянальныя знакі: бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”, у цэнтры эмблемы — Ян Чэрскі, і знак Іркуцкай вобласці — возера Байкал.
Паводле інфармацыі
старшыні ІТБК Алега Рудакова
|