Бацькаўшчына смуткуе з нагоды смерці Янкі Брыля.
На 89-м годзе пайшоў з гэтага свету Янка Брыль. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” смуткуе з нагоды смерці нашага выбітнага Суайчынніка, Зоркі беларускай літаратуры, Чалавека, Грамадзяніна, Беларуса – Янкі Брыля!
Ён сышоў ад нас 25 ліпеня. Беларусь і ўсе беларусы свету асірацелі чарговы раз.
Гэта не проста смерць чалавека... Янка Брыль – гэта цэлая эпоха айчыннай літаратуры, светапогляду, філасофіі жыцця, якая дагэтуль засталася да канца для нас не адкрытай, якую мы яшчэ павінны спасцігнуць. Уся тая спадчына, якая засталася нам, цяперашняму і будучым пакаленням, не павінна зысці ў нябыт разам з Песняром, неабходна яе пераасэнсоўваць і ўнікаць у найбагацейшы свет Брыля.
Мы выказваем глыбокае спачуванне не толькі родным і блізкім Янкі Брыля, а ўсяму беларускаму народу. Але ніякія словы спачування не змогуць пераказаць усёй нашай роспачы. Янка Брыль – Прарок жыцця і Чалавек сумлення! На працягу свайго жыццёвага шляху Ён даводзіў нам слова праўды, Ён змагаўся за беларускасць, за незалежнасць, за гонар цэлай нацыі!
Янка Брыль навечна застанецца такой асобай, на якую мы будзем азірацца, якой будзем ганарыцца, з кім будзем звяраць уласны жыццёвы шлях.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|