Беларускі дом пераязджае ў нікуды

Па стану на 25.07.2006 г. не вырашана, на жаль, пытанне з размяшчэннем Беларускага дому – міжнароднага цэнтра беларускай дыяспары.

Як вядома, Беларускі дом быў створаны МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2.04.1992 г. (са зменамі і дадаткамі 23.06.1999 г.) для забеспячэння патрэбаў шматмільённай беларускай дыяспары і прадстаўляе сабой:

- інфармацыйны цэнтр,
- культурна-асветны цэнтр,
- архіў беларускай дыяспары,
- бібліятэку беларускай дыяспары.

Згуртаванне “Бацькаўшчына”, асяродкі беларускай дыяспары з 11 краін свету неаднаразова звярталіся ва ўладныя структуры Рэспублікі Беларусь (да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савет міністраў, Мінгарвыканкам, Мінскі гарадскі цэнтр нерухомасці) з просьбай забяспечыць Беларускі дом памяшканнем на перыяд капітальнага рамонту і пасля яго правядзення вярнуць Беларускі дом у будынак, дзе ён месціўся апошнія 13 гадоў адпаведна Пастановы Урада Рэспублікі Беларусь.

На жаль, ніводная беларуская арганізацыя з замежжа не можа пахваліцца тым, што атрымала адказ на свае звароты. Тым не менш, кожная інстанцыя разглядала лісты і спускала на ўзровень ніжэй для разгляду і прадстаўлення прапаноў. У выніку Мінгарвыканкам прапанаваў “Бацькаўшчыне” некалькі варыянтаў памяшканняў, што былі зняты з абавязковых таргоў ці аўкцыёну па прычыне незапратабаванасці патэнцыйнымі арандатарамі, – глухія падвалы ў жылых дамах, гарадскія прамысловы зоны, сховішчы гародніны…

У чэрвені г.г. на сустрэчы з намеснікам мэра г. Мінска прагучала парада Згуртаванню самім знайсці памяшканне і тады горад будзе гатовы разгледзіць гэтую прапанову. “Бацькаўшчына” агледзела звыш 50-і памяшканняў у розных месцах горада, з таго, што больш падавалася прымальным, улічваючы неабходнасць размяшчэння кніг і архіваў, інфармацыйнага і культурна-асветнага цэнтраў, а таксама зручнасць транспартных камунікацый, бо Беларускі дом часта наведваецца прадстаўнікамі беларускай дыяспары, навукоўцамі і студэнтамі з Беларусі.

У выніку – на разгляд Мінгарвыканкама Згуртаванне прадставіла прымальны варыянт, але да гэтага часу так і не атрымала адказу, а балансаўтрымальнік памяшкання не атрымаў адпаведнага даручэння Мінгарвыканкама. Пытанне з размяшчэннем Беларускага дому не вырашана, як і не вырашана пытанне аб яго вяртанні ў памяшканне па старым адрасе: вул. Рэвалюцыйная, 15, пасля заканчэння рамонту.

Да 28 ліпеня “Бацькаўшчына” мусіць вызваліць памяшканне, дзе працаваў Беларускі дом. Вызваліць, з’ехаўшы ў нікуды! Большасць рэчаў, мэбля звезеныя ў гаражы, каштоўныя кнігі і архівы – на захаванні ў прыватных кватэрах. А ў вялікім сталічным горадзе з двума лініямі метро так і не знаходзіцца памяшкання для цэнтра па працы з беларускай дыяспарай па адной простай прычыне: без станоўчай рэзалюцыі горада ніводны арэндадаўца не адважыцца пусціць на свае плошчы недзяржаўную арганізацыю…

Мы спадзяемся, што ў самы бліжэйшы час дзяржаўныя органы, ад якіх залежыць далейшае існаванне Беларускага дому, вызначацца з канкрэтным рашэннем.

Не гледзячы на ўзніклыя цяжкасці, “Бацькаўшчына” будзе на сувязі: праз мабільны тэлефон + 375 29 572-82-92, а таксама электронны адрас: zbsb@tut.by

‹‹ на галоўную | у архіў