На 89 годзе пайшоў з жыцця Янка Брыль
Сёння памёр народны пісьменнік Беларусі, класік айчыннай літаратуры Янка Брыль. Развітанне з Янкам Брылём пройдзе ў чацвер, 27 ліпеня. Развітацца можна будзе ў мінскай кватэры пісьменніка па адрасе: праспект Машэрава (былая вуліца Дразда), дом 78, кватэра 40. Пахаваюць Янку Брыля на могілках у Калодзішчах.
Яго не стала сёння аб адзінаццатай гадзіне раніцы. Тыдзень таму, пасля хірургічнай аперацыі і двухмесячнага лекавання, здароўе Янкі Брыля палепшылася, і ён захацеў паехаць на лецішча, да любімага Нёману. Аднак у суботу пачуўся горш – і родныя прывезлі яго ў Мінск, у шпіталь, званы лечкамісіяй, у якім здаўна лечацца знаныя людзі краіны. Дачка Наталля Семашкевіч кажа: “Нішто не паказвала на горшае. Гэта было настолькі імгненна… Мы пазванілі ў шпіталь а дзесятай раніцы. Там сказалі, што небяспекі ніякай няма. А праз гадзіну перазванілі і паведамілі: здарылася гэта імгненна...”
Ніякіх прадчуванняў хуткага зыходу не знаходзіць дачка Наталля і ў новай кнізе Янкі Брыля “Парастак”, якую ўласнаручна перадрукавала для выдання і якая зусім нядаўна выйшла ў выдавецтве “Про Хрысто”.
Але запавет Янка Брыль напісаў. У ім, апроч іншага, ёсць дарада родным, як і дзе зладзіць пахаванне. Гаворыць спадарыня Наталля: “Ён піша якраз пра гэта: “У апошні шлях правядзіце мяне па-сямейнаму, з дому. Пахавайце побач з мамай”. Гэта ягоная просьба, і парушаць яе мы не маем права”.
Пахаванне народнага пісьменніка адбудзецца 27 ліпеня. Згодна з запаветам, апошні зямны прыстанак Янкі Брыля будзе на могілках у мінскім прыгарадзе Калодзішчы, побач з жонкай Нінай Міхайлаўнай. Такі маральны выбар самога нябожчыка. Бо, адпаведна са статусам народнага пісьменніка, Янка Брыль мог быць пахаваны на Усходніх могілках. Калі тры гады назад памерла Ніна Міхайлаўна, ён прасіў у дзяржаўных органаў дазволіць пахаваць яе на памянёных ці якіх іншых мінскіх могілках – каб “легчы” потым з ёю побач. Улады, аднак, такога не дазволілі. А разлучацца з каханай, з якой пражыў амаль шэсцьдзесят гадоў, дзядзька Янка не захацеў.
Янка Брыль пакінуў на зямлі дзвюх дачок, сына, чацвярых унукаў і праўнучку. Колькасць напісанага знакамітым празаікам налічвае многія дзесяткі тамоў, дакладны лік якіх яшчэ назавуць літаратуразнаўцы. А пачэснае месца на беларускім Парнасе яму будзе належаць столькі, колькі будзе жыць Беларусь.
***
Янка Брыль нарадзіўся 4 жніўня 1917 года ў Адэсе ў сям’і чыгуначніка.
У 1922 годзе разам з бацькамі пераехаў на іх радзіму ў Заходнюю Беларусь (вёска Загора Карэліцкага раёна Гарадзеншчыны). Скончыў польскую сямігодку, працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. У сакавіку 1939 года прызваны ў польскую армію. Служыў у марской пяхоце. У верасні 1939 года пад Гдыняй трапіў у нямецкі палон, увосень 1941 году ўцёк на радзіму. З кастрычніка 1942 года – сувязны партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а з сакавіка да ліпеня 1944 года – партызан-разведчык брыгады “Камсамолец” і рэдактар газеты “Сцяг свабоды” (орган Мірскага падпольнага райкаму партыі) і сатырычнага антыфашысцкага лістка “Партызанскае жыгала”. З кастрычніка 1944 года жыў у Мінску. Працаваў у рэдакцыі газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, часопісах “Вожык”, “Маладосць”, “Полымя”, у Дзяржаўным выдавецтве БССР. У 1966–1971 гг. – сакратар праўлення СП БССР. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1963–1967, 1980–1985). Старшыня Беларускага аддзялення таварыства “СССР – Канада” (1967 – 1990). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру з 1989 г. Сябра СП СССР з 1945 г. Сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Дружбы народаў, “Знак Пашаны”, савецкімі і польскімі медалямі.
Народны пісьменнік Беларусі (1981).
У 1938 годзе пачаў друкавацца як паэт і публіцыст (віленскі беларускі часопіс “Шлях моладзі”). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў “Апавяданні” (1946), “Нёманскія казакі” (1947), “Вераснёвая рунь” (1949), “У Забалоцці днее” (1951), “Дзеля сапраўднай радасці” (1952), “На Быстранцы” (1955), “І смех, і бяда” (1958), “Надпіс на зрубе” (1958), “Выбраныя апавяданні” (1959), “Мой родны кут” (1959), “Працяг размовы” (1962), “Жменя сонечных промняў” (1965), “Адзін дзень” (1968), “Акраец хлеба” (1977), “Золак, убачаны здалёк” (1979), “Гуртавое” (1980), зборнікаў апавяданняў і мініятур “Ты жывеш” (1978), “Сёння і памяць” (1985), “Ад сяўбы да жніва” (1987), “На сцежцы – дзеці” (1988), раманаў “Граніца” (1949), “Птушкі і гнёзды” (1964). У сааўтарстве з Алесем Адамовічам і Ўладзімерам Калеснікам напісаў дакументальную кнігу “Я з вогненнай вёскі...” (1975). Выдаў кніжкі прозы для дзяцей “Ліпка і клёнік” (1949), “Зялёная школа” (1951), “Светлае ранне” (1954), “Пачатак сталасці” (1957), “Жыў-быў вожык” (1976), “Сняжок і Волечка” (1983).
Выйшлі Зборы твораў у 2-х (1960), 4-х (1967 – 1968), 5-і (1979 – 1981) і 3-х (1992 – 1993) тамах.
Паводле радыё “Свабода”
|