Майстэрства нашых музыкантаў заўважана ў Еўропе.

Гродзеншчыну ў конкурснай праграме IV Рэспубліканскага фестывалю “Беларускія фанфары-2006”, які адбыўся ў г. Баранавічы, прадстаўляў дзіцячы духавы аркестр Цырынскай музычнай школы.

— Наш калектыў, які складаецца з 22 дзяцей ад 9 да 16 гадоў, быў самым маладым удзельнікам фестывалю, але прадставіў рознабаковы рэпертуар, — расказвае кіраўнік дзіцячага духавога аркестра Цырынскай музычнай школы Уладзімір Станевіч. — Побач з дарослымі дзеці дэманстравалі віртуознае валоданне духавымі інструментамі, і прафесійны ўзровень быў заўважаны чальцамі журы, старшынёй якога быў загадчык кафедры медных духавых і ўдарных інструментаў, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Мікалай Міхайлавіч Волкаў. Па выніках гэтага фестывалю Цырынскі дзіцячы духавы аркестр быў узнагароджаны Дыпломам фестывалю ў намінацыі “Маладыя таленты” і грашовым прызам у адзін мільён рублёў.

Пасля рэспубліканскага фестывалю “Беларускія фанфары” наш творчы калектыў пабываў на міжнародным фестывалі духавой музыкі “Версаль-Падляскі” ў Беластоку (Польшча). У трэці раз Цырынскі дзіцячы духавы аркестр быў яго ўдзельнікам і стаў лаўрэатам гэтага фестывалю, які штогод набірае сілу і размах, далучаючы да сябе новыя творчыя калектывы, становячыся не толькі фестывальным мерапрыемствам, але і грандыёзным відовішчам. 19 калектываў з Польшчы, Венгрыі, Эстоніі і іншых краін далёкага замежжа тут дэманстравалі сваё майстэрства. Дарэчы, на базе фестывалю “Версаль-Падляскі” яго арганізатары стварылі еўрапейскі маладзёжны аркестр пад назвай “Версалінка”, у склад якога ўвайшлі пяцёра ўдзельнікаў нашага аркестра. Трэба зазначыць, што ў жніўні г.г. еўрапейскі маладзёжны аркестр будзе дэманстраваць сваё майстэрства ў Беларусі.

Пётр Жэбрак
‹‹ на галоўную | у архіў