У падтрымку Аляксандра Казуліна
Кіраўнік дыпмісіі ЗША ў Беларусі Джордж Крол заявіў пасля вынясення прысуду экс-кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Казуліну, што суддзя Рыбакоў і пракурор Бортнік могуць быць занесеныя ў спіс асобаў, неўязных на тэрыторыю ЗША. Па апошніх дадзеных, гэта рашэнне ўладамі ЗША ўжо прынятае. Па меркаванні амерыканскага дыпламата, Еўрасаюз абавязкова далучыцца да санкцый ЗША ў дачыненні да суддзяў і пракурораў.
Дзеючы старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Бельгіі Карэл дэ Гухт выказаў глыбокую заклапочанасць прысудам Аляксандру Казуліну, аб гэтым гаворыцца ў заяве, якая была распаўсюджана 14 ліпеня. Кіраўнік АБСЕ выказаў надзею, што беларускія ўлады скарыстаюцца апеляцыяй з боку абароны палітыка і знімуць абвінавачванне. Па меркаванні дыпламата, А.Казуліну павінна быць дазволена вярнуцца дахаты да разгляду апеляцыі.
Міністр замежных спраў Канады Пітэр Маккей заявіў: “Гэта чарговы прыклад поўнай пагардлівасці рэжымам Аляксандра Лукашэнкі дэмакратычных правоў беларускага народа”. Ён звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам “выявіць стрыманасць і павагу да асноўных правоў і свабоды сваіх грамадзян”. А пасля абвясціў, што Беларусь будзе занесеная ў спіс краін, з якімі абмежаваны гандаль. Зараз канадскія экспарцёры павінны будуць атрымаць ліцэнзію для вывазу тавараў у Беларусь. Пры гэтым міністр адзначыў, што гэта не датычыцца грузаў гуманітарнага характару.
У заяве чэшскага знешнепалітычнага ведамства гаворыцца, што Чэхія разглядае прысуд як “чарговую палітычна-матываваную акцыю супраць апанентаў сённяшняга беларускага рэжыму” і парушэнне міжнародных абавязкаў Беларусі.
У якасці выканаўцы функцый мясцовага старшынства Еўрасаюза ў Мінску пасольства Германіі паведамляе, што “кіраўнікі дыпламатычных місій краін-чальцоў Еўрапейскага Саюза ў Мінску шкадуюць аб прысудзе, вынесеным Аляксандру Казуліну ў сувязі з вылучэннем яго кандыдатуры на пост прэзідэнта. Еўрапейскі Саюз з вялікай увагай назіраў за ходам працэсу і спадзяваўся на вызваленне сп-ра Казуліна.
Кіраўнікі дыпламатычных місій шкадуюць, што Беларусь зноў страціла магчымасць прадэманстраваць гатоўнасць да пераадолення сваёй ізаляцыі ў Еўропе і распачаць выкананне сваіх міжнародных абавязкаў і гарантый, у тым ліку і ў якасці краіны-чальца АБСЕ. Яны будуць і надалей уважліва назіраць за справай Казуліна і іншых беларускіх грамадзян, якіх пераследуюць за палітычныя перакананні.
Не гледзячы на падтрымку дэмакратамі замежжа, Аляксандра Казуліна надоўга выбілі з вялікай палітыкі. Нават калі ён будзе выпушчаны з турмы датэрмінова, то ўсё роўна не зможа прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2011 года — на ім будзе вісець судзімасць, якая не дазволіць балатавацца.
Паводле "Белорусские новости";
www.kozylin.com;
http://www.telegraf.by
|