Беларускія навукоўцы зрабілі з грыбоў таблеткі ад радыяцыі

Навукоўцы Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацавалі сродак для абароны жывых арганізмаў ад радыяцыі. Асновай для сродку ад радыяцыі стаў меланін, які беларускія адмыслоўцы вылучылі з глебавых грыбоў. Па меркаванні навукоўцаў, тэхналогія іх вырошчвання не патрабуе вялікіх выдаткаў.

Меланін грыбы ўтрымліваюць у вялікай колькасці. Па словах навукоўцаў, прыродны пігмент меланін, які ўтрымліваецца ў валасах чалавека, апярэнні птушак, поўсці жывёлін, сінім вінаградзе і грыбах, з’яўляецца моцным сродкам па барацьбе з радыяцыяй. На гэта звярнулі ўвагу беларускія эксперты, зазначыўшы, што грыбы, якія змяшчаюць меланін, растуць і размножваюцца пры радыяцыі ў 3,5 тыс. рэнтген у гадзіну.

Распрацаваны беларускімі навукоўцамі прэпарат істотна зніжае дозу апраменьвання чалавека, раслін, жывёлін. Прымаць яго можна ўжо за 30 хвілін – 48 гадзін да пачатку апраменьвання. Меланін заступае шлях радыяцыі ў ДНК і храмасомах. Дзякуючы гэтаму да мінімуму зводзіцца верагоднасць узнікнення мутацый на генным узроўні.

Раней навукоўцы з Паўночнай Асеціі змаглі стварыць вакцыну, якая нейтралізуе дзеянне радыяцыі ў смяротных дозах. Лекі былі створаны пры дапамозе папярэдняга вылучэння з лімфы жывёліны радыяцыйнага таксіну, рэчыва, якое руйнуе цэлі жывога арганізма пад уздзеяннем радыяцыйнага апраменьвання.

“Ужыванне вакцыны дазволіць адмовіцца ад супрацьрадыяцыйных адсекаў на касмічных караблях і станцыях, што зэканоміць мільёны долараў”, — лічыць навуковец Вячаслаў Маліеў. Па яго меркаванні, прэпарат таксама можна выкарыстаць пры лячэнні анкалагічных захворванняў.

telegraf.by
‹‹ на галоўную | у архіў