А.Казуліна пазбавілі апошняга слова

Экс-кандыдата ў прэзідэнты, лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна, працэс па справе якога праходзіць у судзе Маскоўскага раёна Мінска, выдалілі з залы і пазбавілі апошняга слова. Такое рашэнне прыняў суддзя Аляксей Рыбакоў па хадайніцтве дзяржаўнага абвінаваўцы Сяргея Бортніка.

Гэта адбылося пасля выступлення сведкі Любві Лунёвай, журналісткі “Радыё Свабода”. Яна расказвала аб разгоне мірных дэманстрантаў у раёне тэатра Музкамедыі 25 сакавіка, распавядала аб пацярпелых сярод удзельнікаў шэсця да спецпрыёмніка-размеркавальніка на вул. Акрэсціна, якіх па-зверску збівалі байцы спецпадраздзяленняў. Пракурор вельмі нервова і раздражнёна рэагаваў на пытанні падсуднага да журналісткі і не даваў на іх адказваць. Аляксандр Казулін выказаў абурэнне паводзінамі дзяржабвінаваўцы. Пасля чаго было пададзена хадайніцтва аб выдаленні Аляксандра Казуліна з залы судовых пасяджэнняў.
Такім чынам, падсудны быў пазбаўлены апошняга слова і будзе прысутнічаць толькі на вынясенні прысуду.
“Гэта рашэнне, якое на сваёй практыцы мне цяжка ўзгадаць. За парушэнні ў зале суду штрафавалі, але каб кагосьці пазбаўлялі апошняга слова на апошніх хвілінах судовага следства — гэтага я не ўзгадаю”, — сказаў І.Рынкевіч.

На судовым пасяджэнні 13 ліпеня, у 11 гадзін, дзяржаўны абвінаваўца З.Бортнік запатрабаваў прысудзіць Аляксандра Казуліна к 6 гадам пазбаўлення волі. Зараз выступае абаронца А.Казуліна. Прысуд будзе вынесены ўжо сёння, у 17.45.

Паводле БелаПАН
‹‹ на галоўную | у архіў