Суд над Аляксандрам Казуліным
Судовы працэс над былым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі і лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксандрам Казуліным пачаўся 6 ліпеня 2006 года а 10 гадзіне ў судзе Маскоўскага раёна.
На судзе спадар Казулін заявіў, што не прызнае сябе вінаватым па прад’яўленых пракуратурай абвінавачваннях. У сваю чаргу, суддзя Рыбакоў адхіліў усе хадайніцтвы падсуднага і яго адвакатаў, у тым ліку, аб недаверы суду і патрабаванні змянення яго меры стрымання на не звязаную з утрыманнем пад вартай; дазволіць яго дачцэ Вользе абараняць яго падчас працэсу. Аляксандр Казулін таксама прасіў дазволіць журналістам весці відэаздымку судовых пасяджэнняў, вылучыць на час знаходжання ў будынку суда асобны пакой для падрыхтоўкі да працэсу, а не трымаць яго на час перапынкаў у каменным мяшку без святла, таксама здымаць з яго наручнікі перад з’яўленнем у залі суда. Нават просьба А.Казуліна мець у залі суда пінжак, гальштук і рамень была адхіленая.
У тым ліку суд адхіліў хадайніцтва аб выкліку на працэс у якасці сведак прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава, кіраўніка спецпадраздзялення “СОБР” Дзмітрыя Паўлючэнка, камандзіра спецпадраздзялення “Алмаз” па барацьбе з тэрарызмам Мікалая Карпянкова, намесніка старшыні Мінгарвыканкама Міхаіла Ціцянкова, камандзіра палка адмысловага прызначэння ГУУС Мінгарвыканкама Юрыя Падабеда.
Падчас пасяджэнняў з-за ўзніклага шуму суддзя выдаліў з залы ўсіх прысутных, за выключэннем удзельнікаў працэсу, пазбавіўшы, такім чынам, прадстаўнікоў прэсы магчымасці назіраць за судом. Акрамя таго з залы суду былі выдаленыя таксама і прадстаўнікі еўрапейскіх дыпламатычных місій. Прытым што прысутны на судзе прадстаўнік пасольства Германіі прадстаўляе ў Беларусі Еўрапейскі Саюз. “Назіранне за судовымі працэсамі з’яўляецца правам дыпламатычных місій і часткай іх рэгулярнай дзейнасці, — гаворыцца ў заяве нямецкага пасольства. — Мы не раз падкрэслівалі, што адносіны з Беларуссю будуць развівацца ў залежнасці ад таго, як рэспубліка выконвае міжнародныя абавязкі, якія прыняла на сябе. Асабліва абавязкі па павазе асноўных норм у галіне дэмакратыі і грамадзянскага права”.
На другі дзень, 7 ліпеня, пачатак судовага пасяджэння па справе Аляксандра Казуліна быў адкладзены да высвятлення акалічнасцяў нез’яўлення ў суд Ігара Рынкевіча, адваката падсуднага палітыка. Адвакат растлумачыў, што спазніўся з-за няспраўнай машыны. Суддзя, у сваю чаргу, заявіў, што мае намер інфармаваць Мінскую калегію адвакатаў аб дадзеным выпадку.
Зараз удовы працэс працягваецца.
Паводле www.kozylin.com,
www.telegraf.by,
“Интерфакс”, АФН
|