У Польшчы распачата праграма імя Кастуся Каліноўскага
Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі, Аляксандр Мілінкевіч, прыняў ўдзел у цырымоніі адчынення адукацыйнай праграмы ў Польшчы для беларускіх студэнтаў. Урачыстая цырымонія адчынення праграмы адбудзецца ў Варшаўскім універсітэце сёння, 5 ліпеня. Праграма разлічана на выключаных па палітычных матывах з ВНУ беларусаў.
“Я вельмі задаволены, бо калі мы заклікаем людзей да барацьбы і не маем магчымасці іх абараніць, то гэта проста амаральна. У 2001 году мне было вельмі цяжка, калі людзей выганялі з універсітэтаў, а мы не маглі нічога прапанаваць. Таму я лічу, што гэта вельмі важна для барацьбы са страхам і для таго, каб прадэманстраваць салідарнасць з гэтымі людзьмі, каб мы разумелі, што мы адна сіла”, — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Па словах жонкі лідэра беларускай апазіцыі Іны Кулей якая з’яўляецца кіраўніком Камітэта абароны рэпрэсаваных, у праграме прымуць удзел 214 беларускіх студэнтаў, аднак колькасць удзельнікаў можа быць павялічана.
У праграме могуць прыняць удзел усе студэнты, што былі выключаны з беларускіх ВНУ па палітычных матывах, удакладніла Іна Кулей.
Праграма імя Кастуся Каліноўскага ў Польшчы разлічана на 300 месцаў. Аднак эстонскі ўрад таксама даў 10 месцаў для беларускіх студэнтаў.
У той жа час, прадстаўнікі міністэрства адукацыі Беларусі сцвярджаюць, што ў краіне няма ніводнага выпадку выключэння з ВНУ па палітычных матывах.
Паводле www.telegraf.by
|