Беларускае рэкламнае агенцтва — лаўрэат “Канскіх Львоў”
З 18 па 24 чэрвеня ў Канах адбыўся 53-ці фэст “Канскія Львы”. З усяго свету на удзел у фестывалі было пададзена 24 862 працы, да ўдзелу ў 9 намінацыях: ТБ, Радыё, Друкаваная і Вонкавая рэклама, Прома-акцыі, Дырэкт-маркетынг, Медыя, Інтэрнэт і Рэкламныя кампаніі.
Беларускае рэкламнае агенцтва КРЫНЬ/STARCOM, другі год запар трапляе ў шорт-ліст самага прэстыжнага рэкламнага фэсту. І тое, што ў гэтым годзе агенцтву не дастаўся Канскі Леў, ніколькі не памяншае ступень поспеху. Трапіць у шорт-ліст — гэта значыць быць прызнаным прафесіяналам.
У гэты раз была адзначаная праца КРЫНЬ/STARCOM, зробленая па замове прадстаўніцтва WRIGLEY BELARUS — медыя-кампанія “Измерь своё дыхание” для жавальнай гумкі Winterfresh.
Варта адзначыць, што толькі дзве працы са ўсёй постсавецкай прасторы былі адзначаныя на цяперашнім фэсце — акрамя беларускага агенцтва, узнагароду атрымала і руская кампанія IQ Marketing у конкурсе прома-акцый.
Аляксандр Шэвелевіч, творчы дырэктар КРЫНЬ/STARCOM. каментуе: “Сёлета неверагодна высокі ўзровень прадстаўленых на фестывалі прац і прынцыпова цвёрдае судзейства! І тое, што мы другі год запар “засвяціліся” сярод пераможцаў з аднаго боку па-ранейшаму ўспрымаецца як казка, але з іншага — ператвараецца ў прыемную заканамернасць, у прызнанне сусветнага ўзроўню нашай працы”.
Ірына Нядосенка
|