Круглы стол па Еўрасаюзу

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, ГА “Фонд “Адкрытае грамадства” і аналітычны штотыднёвік “Беларусы і рынак” арганізавалі круглы стол па тэме “Еўрапейскі Саюз як палітычны актор у суседніх краінах”. Нагадаем, што гэта ўжо пяты круглы стол на тэму “Беларусь — Еўрапейскі саюз: прастора для дыялогу”.

Мерапрыемства праходзіла на доўгіх выходных — 1 і 2 ліпеня ўдзельнікі не марнавалі часу, а працавалі: дзяліліся паліталагічным вопытам, дыскутавалі. Кожны даведваўся аб нечым новым... Тым больш, што прадстаўнікі былі з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы.

Круглы стол праходзіў у сядзібе пад Мінскам, куды ўдзельнікі выехалі з офіса “Бацькаўшчыны” суботняй раніцай, а ў 10.00 ужо распачалося мерапрыемства. Распачала круглы стол спадарыня Алена Макоўская, старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Яна павітала прысутных, прадставіла партнёраў-суарганізатараў круглага стала, ўдакладніла тэму і задачы мерапрыемства і пажадала плённай працы. Далейшую працу працягнуў мадэратар - Паўлюк Быкоўскі, палітычны аглядальнік штотыднёвіка “Беларуcы і рынак” (які і працягнуў далейшую працу з аўдыторыяй).

Спадар Быкоўскі ўсім прысутным даў магчымасць прадставіцца і абвясціць тэмы сваіх выступаў, потым пажартаваў, што галоўная яго праца тут, як мадэратара, — перашкаджаць усім працаваць, кіруючы выступамі і дыскусіямі. Затым пачалася асноўная частка круглага стала — выступы экспертаў і дыскусіі з удзельнікамі.

Першым выступоўцам была Марыя Садоўская. Яна аналізавала тэму “Стратэгіі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі: дылема бізуна і перніка” на падставе сучасных прыкладаў знешніх палітык Захаду і Беларусі.

Другі выступоўца, Кірыл Коктыш, палітолаг, выкладчык МДІМА выклікаў самую гарачую дыскусію. Ён распавядаў пра “Асноўныя вектары беларускай палітыкі Еўропы”, дзе ў высновах даказваў, што беларуская знешняя палітыка не прадказальная, таму ні ў Расіі, ні ў Еўропы няма распрацаваных вектараў супрацоўніцтва з Беларуссю. Апанентам гэтага выступу стаў палітолаг Вячаслаў Пазняк.

Затым былі выступы Алеся Лагвінца, выканаўчага дырэктара Беларускага Шуманаўскага Таварыства (Беларусь), на тэму “Еўразвяз як каталізатар дэмакратычных рэформаў: выпадак Беларусі”; Андрэя Кірчыва, аналітыка, галоўнага рэдактара часопісу “Ї” (Украіна), з дакладам “ЕС — Україна: спроба корекції політичної ментальності”; Віктара Чарнова, палітолага, выканаўчага дырэктара ГА “Фонд “Адкрытае грамадства” (Беларусь), на тэму “Еўразвяз і Расія: тэндэнцыі збліжэння і разыходжання”.

Пасля ўсіх выступаў лагічным падсумаваннем дзённай працы стала агульная дыскусія на тэму “Эфектыўныя механізмы дэмакратызацыі палітычнай сістэмы Беларусі з боку ЕЗ” і заключнае слова мадэратара Паўлюка Быкоўскага.

Другі дзень таксама быў эфектыўным і цікавым:
Першым з выступоўцаў слова ўзяў Уладзімір Роўда, кандыдат філасофскіх навук, выканаўчы дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага Цэнтра НДА пры МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Ён распрацаваў тэму “Унутраныя перашкоды дэмакратызацыі палітычнай сістэмы Беларусі”, дзе прааналізаваў сучаснае становішча дэмакратыі ў Беларусі і шляхі яе дасягнення. Сяргей Дзікман, эксперт-аналітык АНА “Юрыкс” (“Юрысты за канстытуцыйнае права і свабоды”), сябра Расійскай асацыяцыі міжнароднага права, дакладаў па тэме “Еўрапейскі Саюз і развіццё грамадзянскай супольнасці ў Расіі і краінах СНД”; беларус з Польшчы Яўген Янчук, сябра Беларускага форуму самакіравання ў Рэчы паспалітай Польскай, паведаміў аўдыторыі аб “Усходняй палітыцы ЕС вачамі беларускай меншасці ў Польшчы”. Андрэй Фёдараў, палітолаг, міжнародны аглядальнік “БДГ” і агенцтва БелаПАН выступіў з тэмай: “Пытанні бяспекі ў адносінах Еўрапейскага Звязу і Беларусі”.

Завяршальнай стала праца ў групах, дзе абмяркоўвалася тэма эфектыўнасці розных узроўняў супрацоўніцтва паміж структурамі ЕС і Беларуссю. Спадар Быкоўскі падсумаваў працу круглага стала, па выніках дыскусіі дзвух груп і выступах экспертаў (іх вы можаце пабачыць на сайце).

Госці круглага стала раз’язджаліся пад вечар другога дня задаволеныя праведзенай сумеснай працай, дыскусійны настрой у некаторых яшчэ захоўваўся, але агульныя погляды былі не вельмі рознымі. Карысць дзвух працоўных выходных кожны адзначаў без сумнення.

Дар’я Сацукевіч,
прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
‹‹ на галоўную | у архіў