Дакрануцца да рукі Іаана Хрысціцеля
Святыня прабудзе ў Беларусі да шостага ліпеня
У Мінск святыня прыбыла ў другой палове дня ў панядзелак. Каўчэг з рукой прабудзе ў Свята-Ефрасіннеўскай хрысцільнай царкве да 6 ліпеня. Пасля прыбыцця рукі ў Мінск да яе дакрануцца захацелі тысячы веруючых. Усю ноч з панядзелка на аўторак, паведамілі ў Мінскім епархіяльным кіраванні, вернікі ішлі ў храм.
Як паведамляе “Інтэрфакс”, каўчэг з рукой прыбыў у Мінск спецрэйсам з Паўночнага Каўказа, шостага ліпеня святыню павязуць у Пецярбург. Да гэтага часу да святыні будзе адчынены кругласутачны доступ.
Рука Іаана Хрысціцеля — адна з галоўных святынь хрысціянскага свету. Лёс вялікай святыні — рукі святога прарока Іаана, цесна звязаная з гістарычнымі падзеямі ў Расіі і іншых краінах, дзе яна знаходзілася.
Абыходзячы з пропаведдзю Хрыстовай розныя гарады і паселішчы, Евангеліст Лука ўзяў з Севасціі ў Антыёхію часціцу мошчаў вялікага прарока — яго правую руку. Дзевяць стагоддзяў рука прарока знаходзілася там, і толькі калі ў 959 годзе мусульмане захапілі Антыёхію (пры імператары Кастусі Парфірародным), дыякан перанёс руку Прадцечы ў Xалкедон, адкуль яна была перавезеная ў Канстанцінопаль, дзе захоўвалася да часу заваёвы гэтага горада туркамі.
Пазней рука захоўвалася ў Іерусаліме, на востраве Радос, на Мальце, у Аўстрыі. У 1799 году яе перанеслі ў сталіцу Расійскай імперыі Санкт-Пецярбург, дзе з вялікай глыбокай павагай захоўвалі на працягу стагоддзя ў царкве Нерукатворнага Спасу ў Зімовым Палацы.
Пасля рэвалюцыі 1917 года рука святога Іаана Хрысціцеля была вывезеная з Расіі і знаходзілася ў розных гарадах Еўропы, затым мошчы прарока былі перададзеныя каралю Югаславіі Аляксандру Карагеоргіевічу. Толькі ў 1993 годзе, падчас наведвання Чарнагорыі патрыярхам Маскоўскім і ўсея Русі Аляксеем II, святыня была ізноў паказаная свету.
Паводле “Інтэрфакс” і www.telegraf.by
|