“Расійская газета” арганізавала беларускую вечарыну
Хто такі беларус? Адны гавораць, што гэта рускі, але са знакам якасці, іншыя пярэчаць, што гэта недасканалы рускі. Трэці адказвае анекдотам: сядзіць Янка на крэсле з цвіком, круціцца, начальнік пытае ў яго: “Што ж ты не ўстанеш?” — “А, прыцярпеўся”, — адказвае той...
Кожны выбірае адказ на гэтае пытанне па сваім розуме. Мы вылучылі лепшы з усіх варыянтаў — па душы. “Расійская газета” працягнула цыкл “Свет без віз”, які пачаўся гэтай вясной з грузінкай Ірмай Сахадзэ.
60 тысяч беларусаў, якія сёння пражываюць у Маскве, маюць неацэнны капітал — дзве родныя радзімы. Я, вядучая вечары “Свет без віз”, намеснік галоўнага рэдактара “РГ” Ядзвіга Юферава, разам з аддзелам “Грамадства” запрашаю тэлефанаваць па нумару у Маскве: 257-53-60 і працягнуць гутарку аб жыцці і сяброўству ў шматнацыянальным горадзе.
Рэпартаж...
У рэдакцыі “Расійскай газеты” прайшоў вечар “Свет без віз. Масква з беларускай вымовай”, на якім прысутнічалі беларусы і расейцы, знакамітыя і не вельмі.
Духмяную беларускую хатнюю каўбасу, каравай чорнага хлеба, сапраўдную белавежскую гарэлку адмыслова для гэтага вечара прывезлі з Мінска. Госці падыходзілі да “падарункаў Беларусі” і пахвальна ўсміхаліся.
— Гэта правільны хлеб? — цікавілася моладзь у былога міністра культуры РФ, цяпер сенатара Наталлі Дзяменцевай, якая мае сур’ёзныя беларускія карані.
— Правільны — правільны, — усміхаючыся, пацвердзіла яна, — гэта сапраўдны чорны хлеб “Нарачанскі”.
З рускага пераходзілі на беларускі, з яго вясковымі кранальнымі глухім “г” і надзейным “ы”, зноў на рускі, абдымаліся, фатаграфаваліся.
Салісты легендарнага ансамбля “Верасы” Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціханавіч, якія спецыяльна прыехалі ў Маскву на адзін дзень, фатаграфаваліся са спявачкай Анжалікай Агурбаш, якая прадстаўляла Беларусь на “Еўрабачанні-2005”. Анжаліка ўжо пяць год жыве ў Маскве, муж у яе вядомы прадпрымальнік, кіраўнік “Мортадэля”, і мы пацікавіліся: а без чаго беларускага яна не можа абыйсціся?
— У хаце заўсёды ёсць гарэлка (гарэлачка), сала абавязкова і, галоўнае, каханая беларуская каўбаса, — смяецца Анжаліка. — Вядома, мноства ручнікоў, пасцельная бялізна, таму што ўсё пашытае з натуральнага лёну.
— Як вы сябе адчуваеце, калі з шумнай расійскай сталіцы прыязджаеце на родную зямлю?
— Вельмі добра, — гаворыць Анжаліка, — я спачатку думала, што толькі мне там добра, таму што гэта мая радзіма. А потым зразумела, што не толькі мне, але і ўсім блізкім і сябрам, нават тым, хто ўпершыню прыязджае. А ведаеце чаму? Таму што ў Беларусі чыстая і добрая энергетыка, там людзі жывуць вельмі добрыя.
Тое, што беларусы добрыя, усмешкай пацвярджалі ўсе гасці — у гэты вечар у “Расійскай газеце” былі і ўнучка пісьменніка Янкі Маўра, і ўдава Алеся Адамовіча, дзелавыя банкіры і энергічныя прадпрымальнікі, ветэраны савецкага жыцця — былыя сакратары ЦК камсамола і міністры былога СССР. Усе яны некалі ўпершыню прыехалі з Мінска на Беларускі вакзал, і Масква, Расія сталі іх другой радзімай і лёсам. Будаўнік Генадзь Станчык узяўся ўладкоўваць лёс тых, хто ўжо сёння прыязджае зараз без напрамку ў Маскву на працу і каму так патрэбна і сацыяльная, і прававая дапамога, нягледзячы на тое, што ў Расіі і Беларусі самыя цесныя сувязі і ёсць нават агульныя заканадаўчыя нормы.
Галоўны рэдактар “Расійскай газеты” Уладзіслаў Фронін, які нядаўна браў вялікае інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі, зазначыў, што вечар гэты ў рэдакцыі не выпадковы. Па-першае — ён жыве насупраць Беларускага вакзалу, па-другое, у яго цэлых два намесніка — беларусы: па-трэцяе, “РГ” разам з “СБ” робіць штотыднёвы спецвыпуск “Саюз”, па-чацвёртае... Тут кожны дадаваў ад сябе, як Ірына Краснапольская, з віцебскімі каранямі, аглядальнік “РГ”: сам Марк Шагал маю маці цалаваў.
— Кожны, хто выходзіць да мікрафона, пачынае хваліцца, — смяецца выдавец Барыс Пастэрнак. — У нас з паэтам Уладзімірам Някляевым ёсць адна акалічнасць, якой мы можам пахваліцца перад вамі. Мы даставілі сюды каўбасу, белавежскую настойку і хлеб з самой Беларусі, пераадолеўшы празрыстыя кардоны.
На вечары спявалі сумныя беларускія песні пра рэчаньку. Глядзелі аматарскае кіно аб роднай вясковай хаце Віктара Шуткевіча, у якім кожны пазнаваў нешта сваё.
— Я вырасла сярод вось такіх вясковых хат, людзей, гутарак, платоў, — гаворыць Святлана Алексіевіч. — Беларусь такая, і гэтым мы моцныя. Гэта лекі ад фальшу, ад славы, грошай, ад усяго, што не галоўнае ў гэтым жыцці. Я рада, што менавіта Беларусь робіць нас такімі, якія мы ёсць.
Паэт Уладзімір Някляеў чытаў свае вершы. Госці дзяліліся лепшымі анекдотамі пра беларуса.
— У савецкі час было шмат анекдотаў пра савецкіх беларусаў, — гаворыць былы міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка, які ўвайшоў у гісторыю як адзін з удзельнікаў Белавежскай дамовы, — аб нашай згодлівасці, аб нашай талерантнасці. Мы народ, які шмат пакутаваў і сербануў спаўна. Адны аб нас гавораць: два беларуса — гэта тры партыі. У іншым месцы гавораць, што беларусы — непадкупная нацыя. Мы любім Расію, мы блізкія ёй. Я, напрыклад, не ўяўляю сябе без Севяраніна, Пастэрнака. У маёй бібліятэцы 90 адсоткаў — рускія кнігі. Але шкада, што ў Маскве няма беларускай школы, — панаракаў Пётр Кузьміч. “Затое ў Дзяржаўным лінгвістычным універсітэце выпусцілі групу маладых адмыслоўцаў, якія вывучалі беларускую мову”, — дадала аптымістычную ноту вядучая вечары Ядвіга Юферава.
Выдатная салістка тэатра Камбуравай Алена Фралова праспявала пад гітару філасофскія песні на вершы беларускіх паэтаў.
А потым былі хіты салістаў легендарнага беларускага ансамбля “Верасы” — Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціханавіча, і каханую “Заранку” спявалі ўсё разам. І былі букеты з васількоў і рамонкаў, і, вядома, чарка сапраўднай белавежскай.
“Российская газета”
www.rg.ru
|