У пошуках новага Беларускага дому...
Як мы ўжо паведамлялі, дзейнасць Беларускага дому знаходзіцца перад пагрозай спынення ў сувязі з нявырашаным да гэтага часу пытаннем альтэрнатыўнага памяшкання на час капітальнага рамонту будынка, у якім зараз размяшчаецца “Бацькаўшчына”.
Нашае Згуртаванне працягвае звяртацца да дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь з просьбай паспрыяць у прадстаўленні памяшкання, якое б знаходзілася недалёка ад лініі метро і магло размясціць бібліятэку і архівы беларускай дыяспары, а таксама было прыдатным для правядзення сустрэч прадстаўнікоў беларускай дыяспары. На жаль, на сённяшні дзень прапановы, зробленыя нашай арганізацыі адпаведнымі дзяржаўнымі структурамі, не адпавядаюць гэтым патрабаванням: ці то знаходзяцца далёка ад любых транспартных камунікацый, ці то патрабуюць капітальнага рамонту, альбо размяшчаюцца, да прыкладу, на тэрыторыі сховішча для гародніны…
“Бацькаўшчына” самастойна працягвае пошук памяшкання пад Беларускі дом і, знайшоўшы адпаведныя варыянты, будзе зноў звяртацца ў Мінгарвыканкам аб спрыянні ў прадстаўленні прыдатнага памяшкання ў арэнду.
Зараз вядуцца актыўныя пошукі памяшкання, што займае шмат часу і высілкаў. Калі сітуацыя раптоўна не зменіцца, то да канца ліпеня мы застанемся па старым адрасе – па вул. Рэвалюцыйнай, 15, у Мінску. Далейшы лёс Беларускага дому вызначае Мінгарвыканкам.
Дар’я Сацукевіч, прэс-сакратар
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|