Аб нашых “Ольсах” у Сургуце
У Сургуце 10 чэрвеня ў рамках II Міжнароднага форума “60 паралель” упершыню прайшоў фэст этнічнай музыкі “Нулявы прычал”. На пляцы перад Тэатрам Сургуцкага дзяржаўнага універсітэту выступілі ўдзельнікі з Расіі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Украіны і Беларусі.
З магчымасцямі і асноўнымі напрамкамі сярэднявечнай беларускай музыкі сургуцянаў і госцяў фэсту знаёміў ансамбль “Стары Ольса”. Музыкі ўжо прыязджалі 3 гады таму з канцэртамі ў Сургут і заваявалі вялізарную колькасць прыхільнікаў. Тады дыскі з музычным альбомам “Старога Ольсы” пасля канцэрту “растаялі” ў імгненне вока. Гэтая гісторыя паўтарылася і на цяперашнім свяце. Акрамя таго, група прадстаўляла Беларускую нацыянальную аўтаномію “Беларусы Югры”, а таксама гарадское аб’яднанне “Бацькаўшчына” падчас правядзення гарадскога фэсту нацыянальных культур “Суквецце”. Цікава, што сургуцкі танцавальны ансамбль “Юнацкасць Сібіры” за гэты час паставіў некалькі танцаў на кампазіцыі “Ольсы” і на “Суквецці” яны былі прапанаваныя ўвазе публікі. Уражанне ад асаблівага, непаўторнага гучання старажытных прылад і народнага спеву салістаў прымушала людзей на пляцы падпяваць і нават пускацца ў скокі. Ансамбль “Стары Ольса” не пакінуў абыякавымі ні воднага са сваіх слухачоў, якія выказалі надзею на наступныя сустрэчы. І не толькі на фальклорных святах, але і эксклюзіўных канцэртах, якія музыкі могуць даць у паўночных гарадах на працягу года.
Чалец Управы гарадскога
нацыянальнага аб’яднання “Бацькаўшчына”
Іна Жаўнерчык
|