Легендарны “Мясцовы час” на CD
Нарэшце прыйшоў да выніку шматгадовы праект лэйбла “Limas” па аднаўленню лепшых альбомаў легендарнага полацкага гурта “Мясцовы час”, распачаты яшчэ ў 2001 годзе. Працу ўдалося завершыць дзякуючы фінансавай дапамозе знакамітага лэйбла “БМАgroup” і маладой выдавецкай структуры “Prynamsi records”.
На гукавых дарожках новага дыску здолелі размясціцца не толькі два цудоўных альбома “Мой дом” (1989) і “Ускраіна” (1990) у поўных версіях, але і пара рарытэтных бонусаў, якія раней не выдаваліся ні на касетах, ні на вінілавых дысках: “Ісус” і “Слава слаўных”. Раней іх можна было пачуць толькі на канцэртах.
Узнёсла ўспрыняў гэтую вестку былы лідэр калектыву, вакаліст і гітарыст Алесь Кузьмін, які цяпер жыве ў Германіі. Нягледзячы на трывалую занятасць, ён нават абяцаў прыехаць у Беларусь на прэзентацыю новага дыска і да таго ж выступіць з канцэртам. Праўда, гаворка тут не ідзе пра рэінкарнацыю гурта “Мясцовы час”, але менеджэры гарантуюць: унікальны барочны фальцэт знакамітага вакаліста фанаты зноў пачуюць па-над краем.
Ёсць таксама задума правесці канцэрт-трыб’ют “Мясцовага часу”, на якім маладыя і вядомыя беларускія калектывы пераспяваюць песні сапраўднай легенды беларускага року. Магчымы жывы запіс канцэрту з наступным выданнем на CD.
Дадаткова можна паведаміць, што ў стадыі лічбавага рэмастэрынгу цяпер знаходзяцца і два іншых альбомы “Мясцовага часу” — “Слота” (1988) і “Халі-Галі” (1999), якія таксама будуць выдадзены ў папулярнай серыі “Super-2”, што азначае “два альбомы на адным CD”.
Алена Скарабагатава, “Тузін Гітоў”
www.music.fromby.net
|