Купальскі фэст з беларускімі гуртамі

25 чэрвеня ў Палацы Мастацтваў (ст.м.Плошча Перамогі, вул.Казлова,3), адбудзецца “Купальскі фэст”, з удзелам фольк-гуртоў: “GUDA”, “ГОСЬЦІЦА”, “ЯР” і іншыя.

У межах фэсту “БМАgroup” прэзентуе новыя альбомы:
ЯР — “Вясна красна”;
“GUDA” — “Ігры багоў”;
“ГОСЬЦІЦА” — “Пералёт трава”.

Купалле, летняе народнае свята. Пад рознымі назвамі вядома многім індаеўрапейскім народам.

У старажытнасці Купалле было прымеркавана да летняга сонцастаяння. Адзначалася як свята найвышэйшага росквіту жыватворных сіл Зямлі, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і аграрнай варажбой. Днём дзяўчаты ішлі на луг, у поле збіраць купальскія зёлкі — багаткі, руту, папараць, васількі, купену і інш. Лічылася, што зёлкі, сабраныя на Купалле, маюць асаблівую лекавую моц.

Цэнтральнае месца сярод абрадаў і гульняў Купалле займала купальскае вогнішча, якое, па павер’ях, мела ачышчальную, жыватворную сілу. Вакол купальскага агню моладзь вадзіла карагоды, пераскаквала праз агонь, купалася ў рэчцы, качалася па расе (ачышчальная магія), спявала купальскія песні, варажыла на вянках, якія дзяўчаты і хлопцы пускалі на рачную плынь, загадваючы на будучага мужа ці жонку.

У народзе верылі, што раз у год, якраз на Купалле, а 12 гадзіне ночы ў гушчары лесу зацвітае кветка папараці (“папараць-кветка”), здольная даць таму чалавеку, які яе сарве, празорлівасць.

Разам з тым Купалле — час разгулу змрочных сіл прыроды, разнастайных злых духаў, нячысцікаў. Таму ў купальскую ноч рабілі розныя засцярогі, выкарыстоўвалі ахоўную магію (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хлява зёлкамі і інш.).

Пасля пашырэння хрысціянства да язычніцкага свята Купалле было прымеркавана рэлігійнае свята Яна Папярэдніка (Хрысціцеля), што прывяло да ўтварэння назвы Іван Купала.

Такую форму правядзення імпрэзы, арганізатары тлумачаць тым, што сёння не кожны гатовы ўдзельнічаць у абрадавых мерапрыемствах на прыродзе. А жадаючых адзначыць гэтае народнае свята шмат.
Асноўнымі удзельнікамі "Купальскага фэсту" стануць 3 фольк-гурты: “GUDA”, “ГОСЬЦІЦА”, “ЯР”

“GUDA”
Выканаўцы гурту “GUDA” практыкуюць голасны спеў (тэрмін уведзены этнамузыколагам спн. З.Я. Мажэйка), які паходзіць ад гучнага спеву на адкрытым паветры.
Аснову рэпертуару гурта “GUDA” складаюць абрадавыя песні — найбольш архаічны пласт традыцыйнай народнай культуры. Многія песні ўжо не сустракаюцца ў жывым бытаванні — яны ўзноўленыя паводле нотных запісаў. Усе песні выконваюцца акапэльна.

ЯР — жаночы дуэт, які існуе з 2002. Удзельніцы — Маша Лагодзіч — голас, флейта, Наташа Пятровіч — віяланчэль. Свой музычны кірунак выканаўцы вызначаюць як этна-авангард.

“Можна яшчэ акрэсліць нашу працу тэрмінам этна-мінімалізм і аб’яднаць усё гучным словам “эксперымент” — дадаюць яны.

“ГОСЬЦІЦА”.
“Госьціца” — адзіны ў Беларусі тэатр аўтэнтычнай і архаічнай музыкі і харэаграфіі, які перайшоў мяжу этнаграфізму і звяртаецца да гледача на сучаснай мове танцу мадэрн.

Стваральніца і душа “Госьціцы” — кампазітар, харэограф і рэжысёр Ларыса Сімаковіч — у сваіх працах сумяшчае аўтэнтыку з уплывам мадэрну. “Фальклор — гэта закадаваная інфармацыя пра мінулае. І ў той жа час — гэта адлюстраванне сучаснасці, — мяркуе Ларыса Сімаковіч. — Творы папярэдніх пакаленняў змяшчаюць у сябе вялізны пласт нашай гісторыі. Успрымаць яе можна як па гарызанталі, так і па вертыкалі. Як калісьці сказаў Станіслаўскі, “ня трэба зусім паглыбляцца ў семнаццатае стагоддзе, трэба семнаццатае стагоддзе прыцягваць да сябе”...

Нагадаем, што Купальскі фэст адбудзецца 25 чэрвеня
ў мінскім Палацы мастацтва (вул.Казлова,3).
Пачатак а 19:00. Кошт квітка — 7 000 рублёў.
Квіткі можна набыць у пераходзе на станцыі метро
Я.Коласа і перад пачаткам канцэрта.
Даведкі па тэлефонах: 649-08-88, 766-24-25.

Алена Скарабагатава, “Тузін Гітоў”
www.music.fromby.net
‹‹ на галоўную | у архіў